Першы джаз года прагучаў у пабе «Графіці»


Калісьці паб «Графіці» збіраў аматараў джазу штосераду. Цяпер джазмены збіраюцца, калі ім самім хочацца, а аматараў і так заўжды набіраецца поўны клуб. У Менску ўчора прайшоў супольны канцэрт «JazZyl» i «JazzFriends».

Атмасферу стваралі маладыя, але ўжо прызнаныя музыкі з Беларусі разам з менска-маскоўскім трубачом Андрэем Зылем і ягоным калектывам «JazZyl». Сам Зыль жыве ў Расеі, хоць навучаўся граць і распачынаў творчы пошук акурат у нас. У Маскве, кажа музыка, лепш плоцяць, хоць праца джазмена часта палягае на музычным абслугоўванні поп-музыкаў.

«У Маскве я цяпер працую ў аркестрах, – распавядае трубач Андрэй Зыль. – Я бачу, калі поп-зоркі выходзяць, крыўляюцца, прыкідваюцца, што спяваюць. На рэпетыцыях я чую, як яны фальшывяць, і слухаць гэта немагчыма».

Праграму для «Графіці» падабралі не моцна амбітную, а, хутчэй, цёплую і адпачынкавую – з каляднымі мелодыямі, кампазіцыямі з кінафільмаў. Гучаў таксама класічны джаз. Беларускія і расейскія джазмены асабліва цэняць джэм-сэйшны. І для тых, хто не ведае, тлумачаць.

«Гэта – музычная камунікацыя. Задаем якую-небудзь тэму, напрыклад, «Jingle bells», і пачынаем камунікаваць міжсобку», – кажа тэнар-саксафаніст Арцём Султаліеў.

Камунікацыя, высокі прафесіяналізм і заўсёдная загадка, што будзе гучаць ужо праз імгненне, як тлумачаць музыкі, – у джазе галоўнае.

Іншыя тэмы: Доўгачаканы, першы «дарослы» кліп гурта «Срэбнае вяселле» ўрэшце паказалі. Новае відэа прэзентаваў «Nuteki» – гурт-фіналіст беларускага адбору на «Еўрабачанне». У Нацыянальным мастацкім музеі выставілі партрэты расейскага жывапісу 18–19 стагоддзяў з фондаў музею.



Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў