Рай, Марс і Юпіцер. Самыя неверагодныя назвы беларускіх паселішчаў


Каб наведаць Марс ці Венеру або пабываць у Парыжы ці Дубліне, не трэба пакідаць межаў Беларусі. Беларусы дзеляцца ў інтэрнэце, назвы якіх нашых вёсак іх найбольш здзівілі.



У суполцы «Мая краіна – Беларусь» сацыяльнай сеткі «УКантакце» абмяркоўваюць самыя незвычайныя і запамінальныя назвы беларускіх мясцовасцяў.

Вампершчына ў Шчучынскім раёне

«Важу з сабой асінавы кол», – жартуюць інтэрнаўты. Праўда, вёска мае сваю назву не ад крывасмокаў, а ад прозвішча былога ўладальніка – пана Вемперскага.



Фота: vk.com/majakrainabelarus

Венера ў Лагойскім раёне

Чаму гэтак называецца вёска, ёсць некалькі версіяў. Самі жыхары даводзяць, што паселішча гэтак назвалі ў часе адкрыцця планеты Венера. Гэтае касмічнае цела, аднак, ведалі яшчэ антычныя цывілізацыі. Ці сапраўды вёска аж настолькі старажытная?



Фота: zviazda.by

Марс у Дзяржынскім раёне

Цяпер тут жывуць усяго некалькі чалавек. Новую вёску ў 20-я гады мінулага стагодззя гэтак назваў адзін калгаснік, які хацеў пахваліцца сваёй адукаванасцю сярод сялянаў.



Фота: fotobel.by

Юпіцер у Дзяржынскім раёне

Зусім непадалёк ад Марсу – вёска Юпіцер, якая таксама паступова вымірае. З такою ж назваю ёсць паселішча і ў Лоеўскім раёне, у якім жыхароў таксама вельмі мала.



Фота: vk.com/majakrainabelarus

Яя ў Браслаўскім раёне

Гэтая вёска ў спісе беларускіх паселішчаў – на самым апошнім месцы. Паводле легенды, яе заснавалі шведы. Жыхароў называюць «яйскія». «Вёска самалюбаў і эгаістаў», – ахрысцілі яе інтэрнаўты.



Фота: chopperforum.ru

Гадзілавічы ў Рагачоўскім раёне

Вельмі старажытнае паселішча, ля якога месціцца курганны могільнік радзімічаў (X–XII стст.). «Ці назва пайшла ад Гадзілы?» – жартуюць інтэрнаўты.



Фота: belniva.by

Бухалаўка ў Гомельскім раёне



Фота: chopperforum.ru

Праўда ў Чэрвеньскім раёне

Самыя праўдзівыя людзі – з вёскі Праўда.



Фота: chopperforum.ru

Дублін у Брагінскім раёне

Беларускі Дублін – даволі вялікае мястэчка, якое, праўда, пацярпела пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ірландцаў там няма.



Фота: facebook Аляксея Валабуева

Прасці ў Нясвіжскім раёне

Некаторыя кажуць, што вёску Прасці назвалі на трасянцы.



Фота: globus.tut.by

Рай у Сенненскім раёне

Вёска Рай амаль апусцела. Чамусьці людзі не хочуць жыць у Раі.



Фота: globus.tut.by

Парыж у Браслаўскім раёне

У беларускім Парыжы на вазах возяць бульбу.



Фота: stasja.fotoblog.by

Няптун на Магілёўшчыне

Вёска ўзнікла ў балоцістай мясціне. Ці не ад багацця вільгаці яе гэтак назвалі?



Фота: forum.globus.tut.by

Манголія ў Сенненскім раёне

Вёска мае не надта багатую гісторыю – ёй менш за 100 гадоў. Мяркуецца, што паселішча гэтак назвалі на знак сяброўства з Мангольскаю Народнаю Рэспублікаю. У вёсцы засталіся два жылыя дамы.



Фота gazetaby.com

Новыя Чамаданы ў Шклоўскім раёне

На радзіме Лукашэнкі – вёска Новыя Чамаданы.



Фота: saypn.livejournal.com

Каўказ у Кармянскім раёне

Вёска настолькі малая, што не мае нават шыльды з назвай. Аднак яе экзатычныя назва фіксуецца на мапе.



Фота: bel-jurist.com

Сахалін у Слуцкім раёне

Паглядзець на вёску прыязджаюць жыхары расейскага Сахаліну, якія наведваюць Беларусь.



Фота: ng.by

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў