«Я ствараю свой малы космас»: Дзяды Марозы і Снегавікі ў небе над Горадняю


Савецкія і ўсходнія навагоднія персанажы ўзняліся над Горадняю. Найлепшая беларуская лабараторыя ракетна-касмічнага мадэлявання ўжо пяты новы год дэманструе дасягненні сваіх штодзённых высілкаў.

Ракета з беларускаю тэматыкаю ўзнімецца ў 2015 годзе



Агулам шэсць вялікіх ракетаў у выглядзе Дзядоў Марозаў, Снегавікоў, Змяі ды Каня – сімвалаў сыходзячага і надыходзячага года паводле ўсходняга календара, ды з эмблемаю чэмпіянату свету па хакеі стартавалі са стадыёну “Нёман” у другі дзень новага года. Загадчык лабараторыі ракетна-касмічнага мадэлявання Гарадзенскага цэнтру тэхнічнай творчасці, чэмпіён свету і Еўропы ў ракетнамадэльным спорце Алесь Ліпай патлумачыў, што прыдумаць тэматыку ракеты лягчэй, чым стварыць і прымусіць яе ўзляцець. Ён паабяцаў у наступным годзе распрацаваць ракету з больш беларускім каларытам. Старт завяршыўся салютам з пяці меншых ракетаў-ялінак і касмічнай латарэяй з удзелам чатырох рознакаляровых ракетаў.

Неба ўпрыгожваюць навагоднімі мадэлямі толькі ў Горадні, хоць гарадзенская лабараторыя не адзіная ў Беларусі. Найбольш буйныя ёсць яшчэ ў Шчучыне, Лідзе, Менску, Берасці. Але ж гарадзенская лічыцца найбольш “прасунутаю”, як сцвярджае яе загадчык Алесь Ліпай.

Хто спансаруе чэмпіёнаў?

Выхаванцы Алеся Ліпая ўдзельнічаюць і перамагаюць у міжнародных спаборніцтвах у Польшчы, Літве, Латвіі, Балгарыі, Сербіі, Славакіі ды іншых краінах Еўропы. Штогод ракетчыкі выязджаюць на “Байканур”, дзе базуюцца этапы Кубку свету ў ракетным спорце Расеі ды Казахстану, адкуль гарадзенцы неаднаразова прывозілі ўзнагароды. Гарадзенцы, нават тыя, што асабліва не цікавяцца космасам, прынамсі чулі ці добра знаёмыя з творчасцю лабараторыі, бо яе выступы традыцыйна ладзяцца ў Горадні некалькі разоў на год. Мадэль першай савецкай ракеты на вадкім паліве, запушчанай Сяргеем Каралёвым у 1933 годзе, дакладная копія нямецкай ракеты “Фаў-2”, экалагічныя ракеты з пластыкавых бутэлек і афішаў – найбольш вядомыя працы выхаванцаў лабараторыі.

Відаць, што дзейнасць Алеся Ліпая мае плён. Аднак часцяком удзельнічаць у спаборніцтвах ці ладзіць выступы трэба за свае сродкі. Стартавыя ўнёскі, напрыклад, для ўдзелу ў этапах Кубку свету робіць ДТСААФ, але іншыя выдаткі бяруць на сябе выкладчык і бацькі выхаванцаў. Спонсарамі таксама выступаюць прыватныя крамы ці арганізацыі. Спадар Ліпай зазначыў, што часам ёсць ахвотныя прафінансаваць імпрэзы, аднак заканадаўства ставіць такія абмежаванні, што робіць дабрачыннасць немажліваю. Таму ракетчыкі вымушаныя займацца любімаю дзейнасцю на адным энтузіязме.

«Для сучасных дзяцей штангенцыркуль – гэта ўжо космас»



Лабараторыю наведваюць пераважна навічкі. Першы год вучацца дванаццаць з чатырнаццаці падлеткаў узростам 10–12 гадоў. Ёсць і навучэнцы выпускнога класу, пераможцы спаборніцтваў Кірыл Жабравец і Зміцер Кончык. Большасць выхаванцаў Алеся Ліпая паступае ў гарадзенскі ўніверсітэт на інжынерны факультэт, не прэтэндуючы на факультэт ракетных войскаў ці праектавання ракетаў у замежных навучальных ўстановах. Дзіцячае захапленне не пераходзіць у больш сур’ёзныя даследаванні або прафесійную дзейнасць кшталту распрацоўвання ракетаў для палётаў у космас.

Сэнс ракетамадэльнага спорту спадар Алесь бачыць хоць бы ў тым, што дзеці не сядзяць толькі ў хаце перад камп’ютарамі, а імкнуцца штосьці ствараць сваімі рукамі, увасабляюць мары. Выхаванцы могуць прыходзіць у лабараторыю з 9-й раніцы да 9-й вечара, і нават у выходныя.

Для сучасных дзяцей штангенцыркуль – гэта ўжо космас. Яны нават, бывае, адлічваюць адлегласці ад адзінкі, а не ад нуля, бо іх вучаць, што нуль не лічыцца”, – распавядае спадар Алесь.

На пытанне аб асваенні Беларуссю космасу Алесь Ліпай адказвае, што кожны мае займацца сваёй справаю на “выдатна”. “Я ствараю свой малы космас”, – тлумачыць ён, адыходзячы ад адказу на пытанне пра космас вялікі.



Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў