Ці чакаць дабрабыту?


Падаражэнне паслуг транспарту і ЖКГ, запланаваны рэкордна нізкі рост ВУП ды рэальных заробкаў. Такімі непапулярнымі захадамі ўрад плануе ўтрымаць сёлета нацыянальную валюту ад абвальнай дэвальвацыі.

{movie}Ці чакаць дабрабыту?|right|14030{/movie}

Долар – Br 9800. Такі курс заклаў у сёлетні бюджэт Савет Міністраў. Незалежныя эксперты мяркуюць, што рэальны кошт амерыканскай валюты складзе на тысячу рублёў болей, але пры гэтым прызнаюць: абвалу “зайчыка”, верагодна, пазбегчы ўдасца, асабліва з улікам чаканай замежнай дапамогі.

КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ:
“Калядныя падарункі ад Расеі паспелі. Значыць, дэвальвацыі не будзе, і фінансавая сістэма будзе больш-менш трывалая”.

…мяркуюць палітолагі, нагадваючы пра двухмільярдавы крэдыт, абяцаны прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным падчас каляднага паседжання Найвышэйшай дзяржаўнай рады гэтак званай Саюзнай дзяржавы. Але ж эканамісты адзначаюць: перамовы аб гэтым крэдыце вядуцца яшчэ з канца пазамінулага года, і атрыманне яго сёлета, адпаведна, таксама пакуль пад пытаннем.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Разлічваць дакладна на гэтыя два мільярды – зарана, бо расейскі ўрад, і гэта расейскі амбасадар Сурыкаў падкрэсліў, чакае хуткага развязання пытання аб прыватызацыі самых цікавых актываў”.

Між тым выдаткі толькі на абслугоўванне існай замежнай запазычанасці складуць удвая большую суму, чым абяцаная пазыка, нават калі Менск яе атрымае своечасова і ў поўным аб’ёме.

Таму асноўная стаўка ўладаў для падтрымання эканамічнай стабільнасці – на “зацісканне паясоў”.

МАКСІМ ЕРМАЛОВІЧ, НАМ. МІНІСТРА ФІНАНСАЎ:
«Галоўная задача ўраду на найбліжэйшы год – забяспечыць раўнавагу і ўстойлівасць на фінансавым рынку. Нават калі для гэтага давядзецца ахвяраваць ростам ВУП».

Сёлета ўрад заклаў у бюджэт гістарычна нізкі прагноз росту валавога ўнутранага прадукту – 3,3 %. Эканамісты канстатуюць: такое маруднае развіццё эканомікі азначае, што праца шмат каго з работнікаў дзяржпрадпрыемстваў стане незапатрабаваная. Эксперты ацэньваюць сёлетнія звальненні, неаднаразова анансаваныя ўрадоўцамі, на 170 тысячаў чалавек. Праўда, улады сцвярджаюць, што вызваленая працоўная сіла знойдзе сабе месца ў малым і сярэднім бізнесе.

МІХАІЛ МЯСНІКОВІЧ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР БЕЛАРУСІ:
“У шмат якіх краінах звыш 50 % валавога ўнутранага прадукту фармуецца за кошт прадпрымальніцтва. Пакуль, на жаль, у нас такіх вынікаў няма, і мы ставім задачу сур’ёзна паправіць стан справаў у гэтай галіне”.

Але ж эканамісты канстатуюць: дзяржава наадварот працягвае ўціскаць прадпрымальнікаў. Што да звольненых беларусаў, дадаюць эксперты, уладам выгадней праводзіць іх на заробкі за мяжу, адкуль у 2012 годзе яны прыслалі дадому паўтара мільярда долараў. На іхныя ж месцы запрашаюць рабочых з Азіі, якія і каштуюць менш, і актыўнай грамадзянскай пазіцыі займаць не могуць.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Сюды прыехалі на 25 % больш людзей, чым у мінулыя гады. А хто прыехаў? Такія, як з’ехалі? Не, у дзесяць разоў горшыя. Бо хто сюды папрэцца?”

У тых жа, хто застаецца дома, гаманец станчэе ўжо на самым пачатку года. З сённяшняга дня павялічваюцца кошты на газ, электрычнасць і ацяпленне. Цягам года падатак на арэнду жытла вырасце амаль на 13 %, а квіткі на грамадскі транспарт – удвая. Таксама сёлета чакаецца ўвядзенне новага падатку на допуск аўтамабіля да дарожнага руху. Праўда, пакуль, на фоне пратэстаў аўтаўладальнікаў, Аляксандр Лукашэнка гэтага законапраекту не падпісаў.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў