Украінцы Януковічу: мы будзем у ЕЗ, з вамі ці без вас


Удзельнікі Майдану запісалі навагодні зварот да кіраўніка краіны. Пратэстоўцы абвінавацілі Віктара Януковіча ў правальнай эканамічнай палітыцы ды заявілі, што не хочуць «аднойчы прачнуцца ў савецкай рэспубліцы».

{movie}Украінцы звярнуліся да Януковіча|right|14023{/movie}

«Я не хацеў бы быць тут, на халодным Майдане, а хацеў бы быць на цёплай канапе з бабусяю – даглядаць праўнукаў і дапамагаць унукам. Але бабуся выгнала мяне на Майдан, калі пабачыла пабітых дзяцей», – сказаў адзін з удзельнікаў запісу звароту. Менавіта жорсткая спроба разгону мірнага Майдану сталася адною з галоўных прычынаў далейшых пратэстаў ва Украіне.

«Я хачу, каб нам больш ніколі не давялося бараніць нашых жонак і дзяцей ад вас і вашых злачынных загадаў», – сказаў іншы пратэстовец.

«Спадар прэзідэнт, за тры гады вашага кіраўніцтва ўкраінскі народ зразумеў, што вашыя словы і абяцанні – пустыя. Вашая маладая каманда бліскуча рэфармавала прэсу і тэлебачанне ва Украіне. Журналісты нарэшце атрымалі годныя працоўныя месцы ды заробкі. У абмен на сумленне. Сёлета грыўня апынулася на мяжы абвалу, гэта ведае нават мая бабуля. Але вядома, што абвал вас дакладна не закране – яму будзе цяжка перамагчы пяціметровы плот, за якім вы схаваліся», – гаворыцца ў звароце.

Удзельнікі акцыі хочуць, каб Януковіч «зразумеў, што ўкраінцамі ніколі не будзе кіраваць мафія».

«Мы – еўрапейцы, мы будзем у Еўрапейскім Звязе. З вамі ці без вас», – гаворыцца напрыканцы звароту.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў