Навагодні зварот Лукашэнкі: ні слова аб праблемах


Правалы ў мадэрнізацыі, перманентная пагроза дэвальвацыі, праблемы на міжнародным полі – пра гэта кіраўнік краіны ані слова не сказаў у сваім навагоднім звароце. Затое папікнуў беларусаў, што яны «часам не усведамляюць», наколькі шчаслівыя.

{movie}Навагодні зварот Лукашэнкі |right|14022{/movie}

«Часам мы нават не ўсведамляем, якое гэта насамрэч велізарнае і неацэннае шчасце – жыць на сваёй зямлі, вольна дыхаць яе паветрам, піць яе крыштальную ваду і адчуваць сябе адначасова яе ўлюбёным сынам і клапатлівым гаспадаром», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пералічыў тое, што лічыць дасягненнямі Беларусі ў 2013 годзе: пачатак будаўніцтва беларускай АЭС, рост экспарту харчоў, стварэнне новага БелАЗу і пазітыўныя змены ў дэмаграфіі. Хоць апошняе – прадказальны вынік: народжаныя падчас «бэйбі-буму» у 80-х беларусы цяпер актыўна ствараюць сем’і і нараджаюць дзяцей. «У Беларусі згулялі на 10 тысячаў больш вяселляў, нарадзілася на 4 тысячы дзяцей больш, чымся у 2012 годзе», – паінфармаваў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў «прыкласці максімум намаганняў», каб «не згубіць таго, што дасягнулі, прасунуцца наперад». «Але, канечне ж, калі загадваем жаданні ды будуем планы, мы мусім разумець: калі у мінулым годзе мы не дамагліся чагосьці, значыць, не надта стараліся і напружваліся. Значыць, самыя вінаватыя», – дадаў Лукашэнка.

У мінулыя гады кіраўнік дзяржавы ў сваіх традыцыйных зваротах згадваў «ворагаў» – унутраных і вонкавых, сусветны крызіс ды спробы «расхістаць краіну».

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

https://youtu.be/S19hEpQNIIg

Глядзі таксама
Каментары