Ці за мінулы год мы даведаліся больш пра Каліноўскага?


Нашыя суайчыннікі 150 гадоў таму выступілі супраць царызму, а кіраўнік паўстання надаў пратэстам новы сэнс і заклаў пачатак утварэння беларускае нацыі. А год таму актывісты і гісторыкі запланавалі рознымі спосабамі цягам 2013-га нагадаць суайчыннікам пра гэтую падзею.

Напрыканцы юбілейнага года ці сталі мы ведаць пра паўстанне ды Кастуся Каліноўскага больш?

{movie}Паўстанцкі год|right|14021{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Ведаеце, хто такі Кастусь Каліноўскі?”.

“Эээ…”.

“Нешта звязанае з БНФ? БНР? Так?”.

“Паўстанне 1863–1864 гадоў. Ну, які нашых падняў!”.

“Не шануем мы сваіх продкаў. Гэта кепска”.



А між тым навукова-практычныя канферэнцыі, сустрэчы з гісторыкамі, выставы праходзілі ў розных кутках нашай краіны. Паўстала багата прадуктаў на паўстанцкую тэматыку – ад віртуальных экскурсіяў да рэальных турыстычных маршрутаў. Былі выдадзеныя кнігі гісторыкаў Генадзя Кісялёва ды Змітра Матвейчыка, зборнік артыкулаў “Паўстанне 1863 года на Беларусі і Кастусь Каліноўскі” з прадмоваю гісторыка Анатоля Тараса, прыдуманая настольная гульня “Паўстанцы”. Мастакі правялі адмысловы пленэр, вынікі якога пакажуць на вялікай выставе ўжо ў сакавіку. Большасць імпрэзаў праводзіліся толькі сіламі грамадскасці, якая сёння ацэньвае год як супярэчлівы.

АЛЯКСАНДР СМАЛЯНЧУК, ГІСТОРЫК:

“Расчаравала тое, што беларускія гісторыкі не праявілі належнай актыўнасці, Па розных прычынах. Большасць працуе ў дзяржаўных структурах і маўчалі, паколькі дзяржава не вызначыла сваёй пазіцыі ні напачатку, ні напрыканцы гэтага года”.

Дзяржава ж ад тэмы Каліноўскага цягам года трымалася здаля. Апроч некалькіх выставаў ды канцэрту ў філармоніі, тэма паўстанцкага года з высокапастаўленых вуснаў гэтак і не прагучала.

Адмыслоўцы мяркуюць, што ўсяму віною – антырасейскі вектар паўстання 1863-га.

АЛЕСЬ МАРАЧКІН, МАСТАК:

“Яно ўсё ляжыць на паверхні. Начальнік рэспублікі поўнасцю ў залежнасці ад Крамля, Масквы, канкрэтна ад Пуціна, а яшчэ больш канкрэтна – ад газу ды нафты”.

А таму, воляю парадоксу, свой унёсак у нашае святкаванне зрабілі заходнія суседзі – Польшча, дзе юбілейны год Студзеньскага паўстання адзначылі на прэзідэнцкім узроўні, ды Літва, Сейм якой абвесціў гэты год Годам памяці паўстання 1863-га. Польская дэлегацыя ўскладала вянкі кіраўнікам паўстання ў нашай Свіслачы, палякі правялі шэраг канферэнцыяў ды выставаў, адную з якіх адкрываў сам кіраўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Яцэк Міхалоўскі. Літоўцы прывезлі ў Беларусь унікальную зброю і сцяг паўстанцаў. Ужо цяпер у Вільні рыхтуюцца да года наступнага, які ў краіне пройдзе пад знакам 500-годдзя з часоў бітвы пад Оршаю. Для беларусаў, нагадваюць літоўскія гісторыкі, гэта таксама вельмі істотная дата.

ТОМАС БАРАНАЎСКАС, ГІСТОРЫК, ВІЛЬНЯ:

“Фактычна тая мяжа, якую абаранілі пры Аршанскай бітве, захавалася як сённяшняя ўсходняя мяжа Беларусі. Ну, з невялікімі зменамі”.

Ці дачакаемся налета належнай дзяржаўнай павагі ды ўвагі? Год пачне адлік ужо вось-вось.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў