Два беларусы шпіёнілі на карысць Літвы


Беларускі вайсковы суд на пасяджэнні прызнаў грамадзянаў Беларусі А. Фензеляу і Е. Качуру вінаватымі ў ажыццяўленні шпіёнскай дзейнасці ў інтарэсах Літвы і прыгаварыў іх да 10 і 8 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Як паведамілі ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі, Фензеляу і Качуру затрымалі ў сакавіку 2012 года. Аператыўна-вышуковыя захады і следчыя дзеянні, што праводзіліся камітэтам з таго часу, дазволілі атрымаць “неабвержныя доказы злачыннай дзейнасці” гэтых грамадзянаў.

Пра тое, што Камітэтам дзяржбяспекі “спыненая шпіёнская дзейнасць беларускіх грамадзянаў, якая ажыццяўлялася імі ў інтарэсах спецслужбаў Літоўскай Рэспублікі”, стала вядома ў ліпені 2012 года. Тады Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ паведамляў, што працаўнікі камітэту падчас “агентурнай акцыі” злавілі з доказамі злачынства “рэзідэнта вайсковай разведкі Літвы грамадзяніна “Ф”. “Адначасова паводле факту перадавання замежнай спецслужбе сакрэтных звестак былі затрыманыя асобы, якія былі ў яго на агентурнай сувязі”, – гаварылася ў паведамленні камітэту.

Тады заяўлялася, што КДБ знайшоў усе неабходныя доказы, “якія выкрывалі шпіёнскую дзейнасць” затрыманых грамадзянаў, “накіраваную на атрыманне сакрэтнай інфармацыі ў вайсковай сферы, у тым ліку ў межах адзінай сістэмы бяспекі Саюзнай дзяржавы”. Прыцягнутыя камітэтам эксперты падрыхтавалі выснову, што “сабраныя і падрыхтаваныя для перадавання літоўскай спецслужбе матэрыялы адносяцца да звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь”.

Асноўны фігурант гэтай крымінальнай справы ў 2002 годзе звольніўся з Узброеных сілаў Беларусі ды паехаў у Літву, жыў у прадмесці Вільні, атрымаў літоўскі від на жыхарства.

Прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх у 2012 годзе заяўляў, што “ад літоўскай вайсковай выведкі гэтым беларусам было атрыманае заданне на стварэнне на тэрыторыі Беларусі агентурнай сеткі, здольнай ажыццяўляць збор звестак аб функцыянаванні Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны”.

Хутка пасля абнародавання гэтай гісторыі кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадскасцю Міністэрства замежных справаў Літвы Міндаўгас Лашас назваў яе “інсінуацыяй”, якая “не садзейнічае развіццю двухбаковых дачыненняў”.

У сваю чаргу кіраўнік камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Арвідас Анушаўскас заяўляў, што паведамленні беларускіх спецслужбаў аб затрыманні нібыта літоўскіх шпіёнаў трэба ацэньваць вельмі асцярожна. “У першую чаргу з паведамленняў відаць, што затрыманыя грамадзяне Беларусі, а не Літвы. Я б вельмі асцярожна разглядаў заявы беларускіх спецслужбаў, гэтыя паведамленні не пацвярджаюцца абгрунтаванымі доказамі. Думаю, што гэта нейкія дзеянні беларускіх спецслужбаў, у якія спрабуюць зацягнуць Літву”, – зазначаў ён.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў