Антырэкорд апазіцыі. Страхі ўладаў павялічваюцца?


“Палітычнаю дыскрымінацыяй” назвалі апазіцыйныя актывісты фармаванне выбарчых камісіяў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Увогуле ж першы этап выбараў, якія маюць адбыцца 23 сакавіка, адзначыўся для апазіцыі антырэкордам: па ўсёй краіне ў камісіі ўключылі ўсяго толькі пяцёра яе прадстаўнікоў.



Пяць з шасцідзесяці пяці. Гэткія, на першы погляд латарэйныя, лічбы паказваюць, колькі прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў з магчымых трапілі ў склад камісіяў выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Чатыры асобы – сябры партыі “Справядлівы свет”, яшчэ адна – БНФ. Усяго ж у камісіях – больш за дзесяць з паловаю тысячаў чалавек.

{movie}Антырэкорд апазіцыі|right|14003{/movie}

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:

“Гэтым разам у склады выбарчых камісіяў улучылі яшчэ менш прадстаўнікоў апазіцыі, чымся ў папярэднія гады. Гэта звязана з тым, што страхі павялічваюцца, улада не кантралюе сітуацыі”.

Пры гэтым лідар АГП адзначае, што сярод тых, хто не трапіў у камісіі, такія дасведчаныя ў палітыцы людзі, як былая дэпутатка Людміла Гразнова, экс-мэр Гомля Святлана Гальдадзе або эканаміст Леў Марголін. Затое ўдзельнічаць у выбарчым працэсе будзе нямала сябраў БРСМу, “Белай Русі” і ветэранскіх арганізацыяў.

ВІКТАР КАРНЕЕНКА, АБ’ЯДНАННЕ «ЗА СПРАВЯДЛІВЫЯ ВЫБАРЫ»:

“Нават тыя людзі, у чыёй папярэдняй дзейнасці прызнаваліся памылкі, нягледзячы на гэта, сёння таксама ўключаюцца ў камісіі. Уладу задавальняюць тыя памылкі, якія робяць тыя сябры камісіяў”.



Эксперты ж такі пачатак выбарчай кампаніі называюць прадказальным. Нягледзячы на нядаўнія заявы Лукашэнкі пра дэмакратызацыю, ісці на змякчэнне ўмоваў правядзення выбараў для апазіцыі ніхто не збіраўся.

ПАВАЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“Усе спадзяванні на тое, што будзе нейкая адліга ў Беларусі, дарэмная. Ніхто б з апазіцыі, нават калі б былі зарэгістраваныя прадстаўнікі, не ўвайшоў бы ў мясцовыя органы ўлады”.



Адмову ўлучыць у камісіі іх прадстаўнікоў некаторыя апазіцыйныя партыі цяпер абскарджваюць у судах. Самі ж прызнаюцца, што спадзяванняў на станоўчыя вынікі паседжанняў у іх няма. Зрэшты, як і надзеяў на выбарчую кампанію агулам, прынамсі, пакуль не зменіцца склад Цэнтрвыбаркаму.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:

“Ярмошына пасля гэтага павінная займацца тым, што яна, відаць, можа: варыць баршчы. Мы гаворым пра вотум недаверу, і гэтыя людзі павінныя сысці”.



І не толькі яны, дадаюць эксперты. Змяніцца мусіць уся сістэма, што цяпер немагчыма. Пакуль жа ж удзел апазіцыі ў выбарах прадказальны і вялікага сэнсу не мае.

ПАВАЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“Збольшага гэты ўдзел азначае толькі выключна легітымізацыю ўсіх палітычных працэсаў і легітымізацыю ўлады. Апазіцыі гэта не прынясе аніякіх палітычных здабыткаў”.



Адзінае, што могуць даць выбары ў цяперашняй сітуацыі апазіцыі, мяркуе эксперт, – магчымасць нагадаць пра тое, што яна яшчэ існуе ў беларускім кантэксце. Але зрабіць гэта можна і па-за выбарчым працэсам.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў