Год з «Белсатам». Што найбольш запомнілася ў 2013-ым?


Чарговы год адыходзіць у гісторыю. «Белсат» зрабіў падборку падзеяў, якія запомніліся ў 2013 годзе.

Студзень

Распачаўся марафон, прысвечаны 150-м угодкам паўстання Каліноўскага, са спрэчкамі паміж гісторыкамі і дзяржаўнымі ідэолагамі адносна ацэнкі гэтай падзеі для гісторыі Беларусі.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 11.19.56

Ілюстрацыя: Кастусь Каліноўскі ды Валеры Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў. Мастак Пётра Сергіевіч

У Маскве стартавалі курсы «Мова ці кава» для ахвотных вывучыць беларускую мову.

Люты

Бэнэдыкт XVI, які прымаў на аўдыенцыі Аляксандра Лукашэнку з сынам Колем і перадаваў прывітанне беларускім палітвязням, адмовіўся ад пасады Папы Рымскага. На апошняй імшы пантыфіка пабывала журналістка і вядоўца «Белсату» Аліна Коўшык.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 12.28.09
Бенедыкт XVI. Фота osservatoreromano.va

Метэарыт, што пранёсся над Чэлябінскаю вобласцю, прынёс ёй не толькі сусветную вядомасць, але і страх, кроў ды разбурэнні.

Сакавік

Памёр Уга Чавэс, у Беларусі абвесцілі 3-дзённую жалобу. Апошнімі словамі камандантэ былі: «Я не хачу паміраць. Калі ласка, не дайце мне памерці!» На цырымонію пахавання прыляцеў нават Аляксандр Лукашэнка з сынам Колем.

Беларусы адзначылі Дзень Волі. Паводле арганізатараў, агулам на акцыю ў Менску сабралася ад 1 да 3 тыс. асобаў. Не абышлося без затрыманняў. «Белсат» прэзентаваў да Дня Волі адмысловы кліп.



Красавік

Суд Ашмянскага раёну прызнаў альбом «Прэс-фота Беларусі – 2011» экстрэмісцкім. На абарону фатографаў стала не толькі беларуская, але і сусветная супольнасць.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 15.44.57
Фатографы «Прэс-фота Беларусі – 2011» пад будынкама Ашмянскага суда.

Травень

У шведскім горадзе Мальмё прайшло «Еўрабачанне», на якім прадстаўніца Беларусі Алена Ланская выйшла ў фінал і заняла 11-ае месца. Беларусам падчас выступу Ланской запомнілася бадай толькі ейная кароткая сукенка.

У цэнтры Менску на свята Божага Цела цэлы натоўп каталікоў апусціўся на калені.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 18.53.24
На фота: свята Божага Цела ў Менску.

Чэрвень

У Беларусі пачалі шырыцца звесткі пра эпідэмію афрыканскай чумы. Занепакоеныя падзежам беларускія вяскоўцы, каб быць з мясам, заколвалі адразу па некалькі свіней.

У Гомлі фанаты БАТЭ развіталіся з былым галоўным трэнерам Віктарам Ганчарэнкам (які адправіўся працаваць у расейскую «Кубань» з Краснадару) беларускамоўным банерам: «Твае заслугі – наш гонар!» Гэта не адзінкавая акцыя. У фанацкім асяроддзі беларуская мова становіцца ўсе больш папулярнаю.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 17.38.12

Падчас візіту ў Ерэван Аляксандра Лукашэнку суправаджала невядомая бландынка. Яны разам ездзілі ў адной машыне, куды не пусцілі нават Колю. Кім жа была таямнічая бландынка, разбіраўся «Белсат».

Ліпень

Беларусь ускалыхнуў скандал, у цэнтры якога актывіст БРСМу. Яшчэ ўвесну «на жывую прынаду» яго злавілі «паляўнічыя» на педафілаў, але толькі ў ліпені ў сеціва выклалі відэа затрымання.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што злавіў сама ростам з віцэ-прэм’ера, дзякуючы чаму стаўся героем шматлікіх фотажабаў. Адметна, што нечаканае рыбацкае прызнанне Лукашэнкі прагучала пасля таго, як гэткім жа пахваліўся прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Адзін з расейскіх каналаў сцвердзіў, што Пуцін злавіў вялізарнага шчупака вагою 21 кг.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 13.25.02
Фотажаба з «Vk.com»

Стала вядома пры арышт ксяндза Уладзіслава Лазара, які нібыта выступіў пасярэднікам у перадачы сакрэтных звестак замежным спецслужбам. У справе ксяндза Лазара дагэтуль шмат няяснага.

Паміж Беларуссю і Расеяй успыхнула «калійная вайна».

Жнівень

На волю з гарадзенскай турмы выйшаў палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Праз некалькі дзён Зміцер і Наста Дашкевічы абвянчаліся.

Верасень

Аляксандр Лукашэнка спачатку вырашыў увесці мыта памерам $ 100 на выезд беларусаў за мяжу. Віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч ужо быў гатовы выканаць капрыз кіраўніка дзяржавы, як той узяў ды перадумаў.

У канцы месяца у горадзе металургаў зарганізавалі свята хлебаробаў. У Жлобіне пасля цяжкай барацьбы за ўраджай, нібы ваяроў, працаўнікоў сяла вітаў Аляксандр Лукашэнка.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 16.15.55
На фота: Дажынкі-2013 ў Жлобіне

Прыватнае выдавецтва «ЛогвінаЎ» пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць за выданне альбому «Прэс-фота Беларусі–2011», які папярэдне прызналі экстрэмісцкім.

Кастрычнік

На волю выйшаў яшчэ адзін палітвязень Павал Севярынец. Яго меліся вызваліць з «хіміі» ў вёсцы Куплін. Сустракаць Паўла збіраліся ягоныя блізкія, сябры, журналісты, калегі ды паплечнікі, але ў спецкамендатуры яго пабудзілі раней і адвезлі на цягнік Берасце–Масква.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 09.45.16
На фота: Паўла Севярынца сустракаюць у Менску

Лістапад

У Менску шэсцем адзначылі Дзяды, якія запомніліся выказваннем намесніка старшыні КХП БНФ Юрася Беленькага: «Калі ты гаворыш па-расейску – ты ў войску акупанта».

Пачаўся Еўрамайдан на Украіне, калі людзі выйшлі на галоўную плошчу Кіева, пратэстуючы супраць спынення еўраінтэграцыі Украіны. Падтрымаць братоў-украінцаў рушылі таксама беларусы.

unnamed
На фота: удзельніцы “Еўрамайдану” ў Кіеве

Спадар Андрэй Белякоў, уласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» падаў у суд на «Белсат» за нібыта незаконнае выкарыстанне таварнага знаку. Адзінае патрабаванне бізнесоўца, каб спадарожнік «Astra» прыпыніў трансмісію сігналу тэлеканалу «Белсат».

Снежань

«Кроў» і ланцугі на ганку аблвыканкаму – берасцеец Алесь Чаркашын звязаў сабе рукі металічным ланцугом і абліў чырвонаю фарбаю. Арганізатар перформансу заклікаў беларусаў звярнуцца да Бога, а ўлады – спыніць прыгнятаць і абкрадаць свой народ.

У Менску прайшлі акцыі «Стоп падатак» супраць увядзення дадатковай платы за карыстанне аўтам. Першая акцыя сабрала сотні аўтааматараў-пратэстоўцаў, другую ж – правалілі.

Zrzut ekranu 2013-12-30 o 16.45.01
На фота: акцыя “Стоп-падатак” у Менску

У Беларусь прызначылі новага кіраўніка Беларускага экзархату праваслаўнай царквы – мітрапаліта Паўла з Разані, асобу, ніяк з Беларуссю не звязаную. Шмат хто ўзгадаў шакавальнае выказванне святара, што Расея можа адкруціць «чарнобыльскі кранік» для сваіх ворагаў.

Максім Ярашэвіч, Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары