Рэйтынг Лукашэнкі будзе падаць разам з прыбыткамі беларусаў


Эксперт НІСЭПД Сяргей Нікалюк падзяліўся сваймі меркаваннямі і прагнозамі на будучы год.

Кажучы пра год, які прайшоў «пад сцягам мадэрнізацыі прадпрыемстваў», эксперт канстатаваў: «За што не бярэцца дзяржава – усё ідзе на страты».

«Ніводнай праблемы, звязанай з развіццём, улада не ў стане развязаць, хай гэта будзе лібералізацыя, раней аб’яўленая, і мы ведаем, чым яна скончылася ў снежні 2010 года, або мадэрнізацыя, пад сцягам якой прайшоў 2013 год. Чым скончылася гэтая заяўленая мадэрнізацыя, мы бачылі на прыкладзе «Барысаўдрэва». Стратамі. Як і да стратаў прывялі заявы ды рухі ўлады ў бок мадэрнізацыі фермаў, маўляў, рабіць з фермаў малочныя комплексы. І гэта прывяло да стратаў. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі цяпер падае заробак», – заявіў Сяргей Нікалюк.

Паводле эксперта, на прэзідэнцкія выбары ў 2006 годзе «ўлада ўкацілася як па масле», у 2010-м яна зведвала вялікія праблемы, але выканала сацыяльныя абяцанні коштам дысбалансу эканомікі: «Сітуацыя перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года такая, што паўстае пытанне: абвалімся да выбараў ці не? Улада гэта таксама добра разумее. Таму я думаю, у 2014 годзе паводле плану будзе максімальна стрымліваць рост грашовай масы, не дапускаць росту прыбыткаў насельніцтва. Цяпер улада гатовая ахвяраваць 2014 годам, а ў 2015-м зрабіць тое, што яна плануе, – рост заробкаў. Уладзе нельга дапусціць, каб зніжэнне прыбыткаў супала з выбарамі. Ну, і Расея зробіць усё магчымае, каб не дапусціць тут калапсу».

Паводле звестак спадара Нікалюка, рэйтынг прэзідэнта падае і будзе падаць у 2014 годзе: «Калі сённяшняя сітуацыя захаваецца ў 2014 годзе, то для насельніцтва гэта будзе проста поспех. Мы ўсё-такі прывыклі да ўмоваў нейкага росту, але росту прыбыткаў у наступным годзе ўлада свядома не дапусціць. Ёсць такое паняцце «сацыяльная памяць» – яна ў нашага насельніцтва распаўсюджваецца на некалькі месяцаў. Як бы сёння ні было цяжка, як бы мы ні пракліналі ўладу, але калі рост адновіцца, то ўжо ўсе «забыліся і даравалі».

Ю.В., паводле БелаПАН

Стужка навінаў