STARавіны. Навіны, якія сталіся гісторыяй


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык Вячаслаў Швед.

Шампанскае «Mumm», баршчок кансамэ, асятрына. Як 100 гадоў таму беларусы сустракалі Новы год?

«З Новым годам, з новым шчасцем!». Вы, напэўна, думаеце, што гэта сучаснае віншаванне? А яно існавала і 100 гадоў таму. Вось што я прачытаў у газеце «Лісток для народа» (Вільня. 1914. № 1–2): «З Новым годам, з новым шчасцем!» – гэтак звычайна вітаем мы адзін аднаго пры сустрэчы кожнага Новага года. Пры гэтым мы ў душы ды на словах жадаем нашым блізкім, родным і знаёмым на надыходзячае навагоддзе багацця, здароўя, прызнання, узнагародаў і шмат іншых жыццёвых задавальненняў і радасцяў».

Мы сустракаем Новы год, як і нашыя продкі: хтосьці дома, хтосьці ў рэстаране. А што прапаноўвалі ў страўнях 100 гадоў таму? «Минский голос» (29.12.1912) пісаў, што пры Новамаскоўскім гатэлі ў рэстаране «Фрицъ» за навагоднюю вячэру з 4-х страваў і келіха шампанскага трэба заплаціць 1 р. 50 к. Рэстаран Г. Саўлевіча ў Менску прапаноўваў за 2 р. 10 к. наступныя 4 стравы: баршчок кансамэ, асятрыну і сцерлядзь, каплуны ды дзічыну, макавік ананасны. «Падчас вячэры, – зацікаўліваў гаспадар рэстарану, – грае румынскі квінтэт салістаў. Самае лепшае харчаванне з Масквы. Запрошаны кулінар з досведам. Зала ўбраная жывымі кветкамі і асветленая рознакаляровымі агнямі».

Да сустрэчы Новага года ў Менску «ВІНОТОРГОВЛЯ» Ю. Кітаіна прапаноўвала замежнае шампанскае ад 60 к. за бутэльку марак: «Mumm», «Monopole», «Pommery», «Clicquot», «Roederer», «Moët & Chandon», «Crystal».

Для дзяцей ладзілі святочныя ялінкі. Напрыклад, Таварыства дзённага прытулку «Яслі» ў памяшканні кантрольнае палаты Магілёва арганізавала свята для 150 дзяцей. Для малых падрыхтавалі сюрпрызы ды раздалі ім падарункі. Беларуская моладзь з Горадні зрабіла ялінку для дзяцей у адной з вёсак Сакольскага павету: хадзілі вакол упрыгожанага дрэва, спявалі калядныя і народныя песні, чыталі вершы, рабілі інсцэнізацыі, віншавалі падарункамі.

Дарэчы, наконт падарункаў. Абвестка ў «Нашай ніве» (21.12.1913), пэўна, сёння выкліча ўсмешку: таварыства «Праваднік» прапаноўвала на святы вялікі выбар галёшаў «розных фасонаў і для ўсякага абуцця», «снег негаручы для ёлак», «шыны для аўтамабіляў і павозак», «цацкі гумілястыкавыя і машыстовыя» ды іншае.

Але ў святочным карнавале імпрэзаў знайшоўся і аўтар А-н-а, які ў сваім артыкуле «На Новы год», надрукаваным у «Нашай ніве» (4.01.1913), зычыў чытачам: «І з пачаткам Новага года клічам усіх нашых братоў да вялікай, святой працы ўсенароднай: злучыўшыся ў адну моцную сям’ю, падаўшы адзін аднаму руку, к свабодзе, роўнасці і знанню мы працярэбім сабе след, і будзе ўнукаў панаванне там, дзе сягоння плача дзед!..».

Так што, шаноўныя чытачы, з Новым годам, з новым шчасцем! І хай збудзецца мара невядомага аўтара «Нашай Нівы»!

Вячаслаў Швед, belsat.eu

Стужка навінаў