Разам з дзядзькам Кім Чэн Ына пакараныя смерцю яшчэ сем асобаў


Пра гэта піша паўднёвакарэйская газета «Чунан ільба» са спасылкай на ўласныя крыніцы ў выведцы.

Разам з былым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэту абароны КНДР, дзядзькам лідара краіны Кім Чэн Ына, былі пакараныя смерцю яшчэ сем асобаў. Пра гэта піша ў панядзелак, 30 снежня, паўднёвакарэйская газета «ЧунгАнг Ільбо» («JoongAng Ilbo») са спасылкай на ўласныя крыніцы ў выведцы.

Паводле звестак суразмоўцаў выдання, расстралялі беспасярэдніх выканаўцаў даручэнняў Чанг Сонг Тхэка, якога лічылі другою асобай у дзяржаве пасля таго, як Кім Чэн Ын стаў лідарам КНДР. Сярод пакараных – два функцыянеры партыі, дзве асобы з ураду, два вайскоўцы ды карпаратыўны кіраўнік. Іхных імёнаў разведка пакуль не ўстанавіла.

Пакаранне смерцю адбылося 12 снежня ў будынку Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў Пхеньяне. Пры расстрэле прысутнічалі высокапастаўленыя чальцы Працоўнай партыі, адзначае выданне.

У паўднёвакарэйскай выведцы мяркуюць, што не гэтак даўно Кім Чэн Ын аддаў распараджэнне спецслужбам праяўляць стрыманасць у пытаннях, якія датычаць смяротнага пакарання, бо ціск сусветнае супольнасці ў сувязі з невыкананнем правоў чалавека ў КНДР узмацняецца.

Раней японскія медыі паведамлялі, што Пхеньян мог пакараць і партыйнага функцыянера Лі Су Ёнга, які, як мяркуюць, займаўся кіраваннем сакрэтнымі рахункамі лідара краіны Кім Чэн Ына. Паводле некаторых звестак, Лі Су Ёнг і Чанг Сонг Тхэк разам кантралявалі сакрэтныя рахункі лідараў КНДР.

Стужка навінаў