«У беларусаў больш нічога няма, у іх ёсць толькі аўты»


Новы ўдар па кішэнях аўтаўладальнікаў. Белнафтахім другі раз за месяц і пяты раз цягам года падняў кошты на аўтамабільнае паліва. Пра тое, колькі яшчэ могуць выціснуць улады з беларускіх аўтаўладальнікаў.

Напрыканцы года “Белнафтахім” сягнуў мэты, якую ў канцэрне агучвалі неаднаразова. 95-ы бензін цяпер каштуе Br 9500, то бок $ 1 за літр. Павышэнне коштаў тлумачаць “неабходнасцю кампенсаваць павелічэнне ставак акцызаў на падакцызныя нафтапрадукты з 1 студзеня 2014 года”. На запраўках абураюцца, але гатовыя плаціць.

{movie}Выціснуць аўтаўладальнікаў|right|13977{/movie}

АПЫТАННЕ, МЕНСК:

“Я заўважыла, учора – Br 9300, сёння – Br 9500, заўтра $ 10 000 будзе”.

“Кіроўцам плаціць”.

“Лепш за ўсё зарабляць больш, курс будзе расці, бензін будзе расці”.

Агулам з сёння кошты на бензастанцыях выраслі на 200 рублёў, крыху больш за 2 %. Улады абяцаюць, што ў 2014 годзе стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва вырастуць у сярэднім на 14,5 %, а гэта азначае, што тактыка пакрокавага росту коштаў працягнецца. Пакуль, нягледзячы на рост коштаў, у нас найтаннейшае паліва з усіх краінаў-суседзяў.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Паколькі зараз глабалізацыя, то мы расцем разам з астатнімі ўсімі і ў нас найхутчэй будзе падвышэнне да расейскага ўзроўню, а потым да ўкраінскага, але не вышэй, да еўрапейскага мы не пацягнем, бо людзі ўжо будуць абурацца”.



Цягам года кошты на аўтапаліва павялічваліся 5 разоў. У сярэднім бензін і дызельнае паліва падаражалі на 25 %. Але рост коштаў на бензастанцыях не адзіны ўдар па кішэнях аўтаўладальнікаў. З новага года ўводзяць утылізацыйны збор на ўсе ўвезеныя ў Беларусь аўты. А таксама трэба будзе заплаціць падатак за допуск аўта да дарожнага руху.

ФЁДАР СУХАЎ, ІНФАРМАЦЫЙНА-АСВЕТНІЦКАЯ ЎСТАНОВА «ЗА АЎТА»:

“У беларусаў больш нічога няма, у іх ёсць толькі аўты, у іх няма свабоды, яны за аўтамабілі трымаюцца, бо гэта свабода перасоўвання ў прасторы, калі не ў чым-небудзь іншым, то прынамсі ў прасторы”.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:

“Аўтаўладальнікі маюць крыху грошай у параўнанні з астатнімі, і таму тут можна пагуляць у рынак, ціснуць на іх да таго моманту, пакуль яны не пачнуць упірацца”.



Самы маштабны пратэст аўтаўладальнікаў адбыўся ўлетку 2011-га. Тады пасля акцыі “Стоп бензін” кошты на паліва знізілі на 20 %.

Новыя акцыі пратэстаў пакуль буксуюць. Учорашні “Стоп падатак–2”, як жартуюць аўтаўладальнікі, падтрымалі хутчэй працаўнікі ДАІ ды міліцыі, якія самыя часткова блакавалі рух у цэнтры Менску.

ФЁДАР СУХАЎ, ІНФАРМАЦЫЙНА-АСВЕТНІЦКАЯ ЎСТАНОВА «ЗА АЎТА»:

“Акцыі кшталту “Стоп бензін”, “Стоп падатак” будуць масавымі, калі будзе “край”, але пакуль гэтага не бачна. Ён, безумоўна, ёсць, але не ўсе на сабе яго заўважылі”.



Новую акцыю “Стоп падатак” аўтаўладальнікі плануюць правесці 5 студзеня.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў