Выйшла «Чытанка для маленькіх» з каляровымі малюнкамі


Новаю кнігаю папоўнілася серыя «Каляровы ровар», якую выдае бібліятэка Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

У кніжку ўвайшлі творы з першай часткі «Чытанкі для дзіцячага садка», укладзенай Вінцуком Вячоркам і Пятром Садоўскім, якая пабачыла свет у 2008 годзе і шмат каму палюбілася. Новае выданне надрукавалі ў выдавецтве «Кнігазбор» на замову МГА «ЗБС «Бацькаўшчына».

«Чытанка для маленькіх» – гэта выдатны падарунак для тых, у каго маленькія дзеці. Кніга змяшчае вершы і казкі, калыханкі і гульнявыя прыпеўкі для дзетак да трох гадоў. Творы ў чытанцы сабраныя як народныя, так і аўтарскія.

Дзеткі могуць смела гартаць гэтую кніжку, бо яна ў цвёрдай вокладцы, а старонкі надрукаваныя на шчыльнай паперы. Выданне аздобленае прыгожымі ды яркімі малюнкамі мастачкі Святланы Каньковай-Дударэнка.

У хуткім часе «Чытанку для маленькіх» можна будзе набыць у кнігарнях Менску ды іншых гарадоў Беларусі.

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

Стужка навінаў