Новая крэатыўная зброя беларускіх уладаў: святлафоры


З паўторнаю акцыяй пратэсту «Стоп падатак» працаўнікі ДАІ змагаліся з выкарыстаннем святлафораў.

Паўторная акцыя пратэсту беларускіх аўтамабілістаў «Стоп падатак», якую анансавалі ў сацыяльных сетках на вечар 27 снежня, не адбылася (Глядзіце фотарэпартаж «Белсата»).

Паводле інфармацыі БелаПАНу, увечары 27 снежня ў Менску былі выставілі ўзмоцненыя нарады працаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі ўздоўж усяго праспекту Незалежнасці ад аднайменнай плошчы да плошчы Перамогі. На ходніках уздоўж галоўнага праспекту сталіцы дзяжурылі працаўнікі праваахоўных органаў у цывільным, якія перыядычна перамаўляліся па рацыі. Святлафоры настроілі гэткім чынам, каб зялёны сігнал гарэў як мага больш.

У выніку рух па праспекце Незалежнасці цяжкім не быў, характэрныя для гэтай акцыі пратэсту сігналы клаксонаў былі адзінкавыя. Рэдкіх пратэстоўцаў-аўтамабілістаў спынялі працаўнікі ДАІ.

Паводле сведчанняў кіроўцаў, на прылеглых да праспекту Незалежнасці ды вуліцах, якія яго дублююць – Першамайскай, Фрунзэ, Залатой Горцы, Казлова – найменш з 17:20 да 18:00 былі ўнушальныя заторы. Паводле звестак БелаПАНу, у іншых абласных гарадах, сярод іншага ў Берасці ды Гомлі, акцыя таксама не адбылася.

Першая акцыя «Стоп падатак», якая прайшла ў Менску 20 снежня, была паспяховая і сабрала сотні ўдзельнікаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў