Адміністратару суполкі «Стоп падатак» далі 15 дзён арышту


Адміністратара групы, прысвечанай акцыі «Стоп падатак», у сацыяльнай сетцы «УКантакце», нацыянал-бальшавіка Дзмітрыя Паліенку, затрымалі проста на працы.

26 снежня каля 16:00 Паліенку затрымалі на прахадной Менскага аўтамабільнага заводу, дзе ён працуе. Ва УУС Заводскага раёну ў дачыненні актывіста склалі пратакол за дробнае хуліганства.

Сёння суд Заводскага раёну Менску пакараў яго 15-дзённым арыштам. Рашэнне вынесла суддзя Анастасія Осіпчык. Яна адхіліла хадайніцтва аб праглядзе відэа з прахадной заводу, якое магло засведчыць, што Паліенка не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў.

Як паведамляюць праваабаронцы, актывіст збіраецца абскардзіць сваё затрыманне і прысуд аб арышце. Ён расцэньвае дзеянні праваахоўнікаў як прэвентыўнае пераслед, звязаны з пратэстамі аўтамабілістаў супраць новага падатку.

Увечары 26 снежня на сайце ГУУС Менгарвыканкаму з’явілася адрасаванае аўтаўладальнікам папярэджанне аб адказнасці за ўдзел у чарговай акцыі «Стоп падатак», якая мела прайсці сёння. У ім паведамляецца, што кіроўцамі, якія «дапусцілі парушэнні» падчас папярэдняй акцыі 20 снежня, зоймецца пракуратура.

Паводле spring96.org, naviny.by

Стужка навінаў