Кіроўцам пагражаюць крымінальным пераследам за сцягі Еўразвязу


Дзяржаўтаінспекцыя МУС Украіны pарганізавала кампанію запалохвання кіроўцаў, якія бралі ўдзел у аўтапрабегу дзеля падтрымання Еўрамайдану. Агрэсію ўлады выклікала тое , што аўтааматары ездзяць па Кіеве са сцягамі Еўразвязу.

На думку ДАІ, сваймі дзеяннямі кіроўцы «блакуюць дарогі». Кіраўніцтва Дзяржаўтаінспекцыі ўжо выступіла на ўкраінскім тэлебачанні з пагрозамі аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці такіх аўтамабілістаў.

{movie}Кіраўніцтва ДАІ Украіны пагражае аўтамабілістам крымінальнай адказнасцю|right|13956{/movie}

Апроч гэтага, удзельнікі «Аўтамайдану» сталі атрымліваць позвы з патрабаваннем прыйсці ва ўпраўленне ДАІ для разгляду пытання «аб парушэнні правілаў дарожнага руху». Ад кіроўцаў патрабуюць прывезці свой аўтамабіль «для агляду». Аднак у такіх позвах не пазначаны нумар адміністратыўнай справы і ў якім статусе выклікаецца асоба. На думку адвакатаў, гэта метад псіхалагічнага ціску.

«Апошнім часам «Аўтамайдан» стаў сапраўды рэальнаю сілаю, якая стварае максімум нязручнасцяў для дзейнай улады. Разлік ідзе на тое, што людзі, якіх бясконца выклікаюць на размовы з праваахоўнікамі, могуць псіхалагічна не вытрымаць і спыніць удзел у мерапрыемствах», – заявіў адвакат Дзмітрый Ёўдзій.

Адвакат звяртае ўвагу на тое, што адзіны прадугледжаны законам выпадак, калі чалавек мусіць прыбыць на выклік праваахоўнікаў – гэта выклік следчага ў межах крымінальнай вытворчасці для правядзення допыту, які афармляецца позваю аб выкліку. «У іншых выпадках чалавек не абавязаны з’яўляцца па «запрашэнні» праваахоўнікаў», – кажа Ёўдзій.

Рух аўтамабілістаў дзеля падтрымання Еўрамайдану ўтварыўся яшчэ ў першыя дні пратэстаў у Кіеве. Сотні кіроўцаў ездзілі па горадзе са сцягамі ЕЗ і Украіны, а таксама сігналілі клаксонамі, дэманструючы незадаволенасць дзеяннямі ўлады Украіны. Арганізацыяй аўтапрабегаў займаліся журналісты інтэрнэт-парталу «Дарожны кантроль» Андрэй Дзындзя і Аляксей Ганчарук. Як вядома, 5 снежня Дзындзю арыштавалі ды цяпер ён перабывае ў СІЗА, а Ганчарук вымушаны хавацца: яго шукаюць.

Каментуючы арышт Андрэя Дзындзі, адзін з арганізатараў Еўрамайдану Раман Фядчук заявіў, што ўзяцце пад варту Дзындзі – гэта асабістая помста начальніка ДАІ Кіева Анатоля Курыннага (раней Дзындзя і Курынны ўвесь час канфліктавалі). «Пагутарыў з былым ДАІшнікам, і ён мне распавёў цікавы факт: цяперашні кіраўнік ДАІ Курынны бегае па ўсіх судах, каб ні ў якім разе не выпускалі Андрэя Дзындзю, бо ў іншым выпадку, яны [інспектары ДАІ – belsat.eu] не змогуць працаваць», – кажа Фядчук.

І сапраўды, пасля таго, як Дзындзя аказаўся ў СІЗА, работнікі ДАІ сталі актыўна перашкаджаць аўтамабілістам арганізоўваць аўтапрабегі, хоць да гэтага імкнуліся не ўмешвацца ў пратэст кіроўцаў.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў