Беларускаю вёскаю, якая рыхтуецца да пратэсту, зацікавіліся ўлады


Сёння жыхара вёскі Любкаўшчына Вячаслава Урублеўскага выклікалі ў райсавет. Прычына – нежаданне забіваць сваіх свіней, бо гаспадарка не ўваходзіць у пяцікіламетровую зону мінімальнае адлегласці ад дзяржаўнага свінакоплексу.

«Белсат» распавядаў пра жыхароў вёскі Любкаўшчына, абураных дзеямі чыноўнікаў, месяц таму і вярнуўся да тэмы 19 снежня.

«Учора ўвечары мне прынеслі павестку, што я мушу сёння з’явіцца ў райсавет. Інакш з мяне будуць спаганяць штраф праз суд», – кажа спадар Вячаслаў.

Ён пайшоў у райсавет разам са сваёй жонкаю.

«Мы сталі даводзіць, што неправамерна спаганяць з нас штраф за нежаданне забіваць свіней. Пачалі прыводзіць аргументы. На гэта нам у райсавеце сказалі толькі: «Мы не адмыслоўцы». І адклалі высвятленне абставінаў да студзеня. Мне дазволілі выступаць разам з юрыстам. Калі я загаварыў пра тэлебачанне, яны пачалі пытацца, навошта яно. Аднак я лічу, што людзі маюць ведаць, што адбываецца. Калі я не маю рацыі, хай бачаць іншыя, каб не аказаліся на маім месцы. Я – актыўны і не адзін», – распавёў «Белсату» Вячаслаў Урублеўскі.

«Белсат» будзе сачыць за сітуацыяй у вёсцы Любкаўшчына.

Настасся Маланка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары