Як уладальніца беларускай кавярні ў Кіеве разносіць на Майдане дранікі


«Нам трэба падтрымліваць байцоў, якія будуць стаяць да апошняга, за сваю Радзіму. Калі аб’яднаецца Украіна, яна будзе сапраўднай еўрапейскаю дэмакратычнаю краінаю. Тады ў беларусаў будзе таксама шанец прыяднацца да Еўропы», – упэўненая Юлія Шаўлоўская, уладальніца кавярні «Панскія пляцкі» ў Кіеве.



Даведайцеся больш з праграмы «Рэпартэр», якую можна паглядзець на «Белсаце», а таксама падчас он-лайнавай трансляцыі на нашай старонцы кожны чацвер а 20:30. Выданні праграмы дасяжныя ў нашым архіве.

{movie}Як уладальніца беларускай кавярні ў Кіеве разносіць на Майдане дранікі |right|13954{/movie}

Пасля жорсткага разгону Плошчы-2010 у Менску Юлія з’ехала ў Кіеў, дзе адчыніла кавярню з беларуска-ўкраінскімі стравамі. Гэтае месца ператварылася ў нефармальную амбасаду беларускай культуры ў Кіеве. Менавіта там ладзяцца імпрэзы, звязаныя са знакавымі падзеямі нашай гісторыі. Цяпер супраціў Юліі паўтараецца ізноў, толькі ўжо на Майдане. Дзяўчына не можа заставацца ўбаку ад гэтых падзеяў і дапамагае пратэстоўцам, чым можа, напрыклад – дранікамі, якія перадае ў намётавы лагер.

У 1994 годзе, успамінае Юля, калі яшчэ была малая і жыла з сям’ёю ў Валожыне, намалявала на вялікім партрэце Лукашэнкі ў адной з газет вялікія рогі, вусы і бараду. Разам з матуляю пайшла на гарадскую плошчу і там павесіла партрэт Лукашэнкі-«чорта». «Вось з той пары пачалася нашая дзейнасць супраць той улады, якая цяпер пануе ў Беларусі», – узгадала ўласніца кавярні.

Зараз Юлія вучыцца ў Кіеўскім нацыянальным гандлёва-эканамічным універсітэце на менеджара гатэльна-рэстараннага бізнесу, таму пастанавіла разам з сямейнікамі заняцца сваёй справаю ды адчыніць кавярню. Меню там на беларускай ды ўкраінскай мовах. Зала аформленая ў колерах нацыянальнага сцяга. Тут вісіць Пагоня, зробленая скульптурам Гэнікам Лойкам. Паказваюць тут таксама гістарычныя стужкі ды арганізоўваюць дыскусіі. Жыхары ж Кіева, адзначыла Юля, вельмі цікавяцца нашаю моваю ды беларушчынаю.

Людзі ўсё радзей наведваюць рэстараны, адзначыла ўладальніца кавярні. Каб прывабіць наведнікаў, іх трэба нечым зацікавіць – не толькі смачнаю кухняй, але і культурніцкімі падзеямі. Гэта ж спрыяе распаўсюду беларушчыны на ўкраінскіх землях.



«Мы – культурніцкі цэнтр. Мы паказваем, што беларусы – нацыя, паказваем нашую годнасць, што ў нас ёсць цікавая, багатая гісторыя, у нас ёсць славутыя імёны, героі. Усё гэта расказваем людзям і, вядома, не без сумных сітуацыяў, якія цяпер ёсць у Беларусі. Палітвязні, адсутнасць свабоды слова – гэта таксама даносім да ўкраінцаў», – заўважыла Юлія.

Свабода слова ва Украіне – гэта таксама замаскаваная дыктатура, лічыць беларуска, бо тут таксама існуе цэнзура і ўціск вольнай думкі. Беларусы не могуць стаяць збоку ад таго, што адбываецца на Майдане, перакананая Юлія, якая сама ўлучылася ў падзеі, разносячы пратэстоўцам гарачыя дранікі, гарбату і цёплыя рэчы. Перамога Еўрамайдану, мяркуе Юля, дасць і Беларусі шанцы на дэмакратызацыю.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў