Расейскі пасол: У нас таксама няпростая сітуацыя, шукаем грошы для Беларусі


Расея нічога не чакае ад Беларусі за прапанаваныя крэдыты, і хоць у самой таксама няпростая сітуацыя, Масква шукае, з якіх крыніцаў вылучыць грошы Беларусі, адзначыў пасол РФ Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў Менску.



«Гэта не першы крэдыт, – нагадаў пасол. – У 2008–2009 гадах Расея вылучала $ 3 млрд на стабілізацыю сітуацыі. У 2012-м Антыкрызісны фонд (Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС. – БелаПАН) вылучыў яшчэ $ 3 млрд. Цяпер вось год вяліся перамовы аб вылучэнні $ 2 млрд крэдыту, яны паспяхова завяршыліся. $ 450 млн пойдуць з бюджэту Расейскай Федэрацыі, а астатняй часткі ідуць пошукі, у нас таксама няпростая сітуацыя, шукаем, з якіх крыніц яны будуць вылучаныя».

Разам з тым пасол Сурыкаў адзначыў, што не трэба марудзіць са зліццём у адно прадпрыемства беларускага МАЗу і расейскага КамАЗу.



«Беларускі бок у канцы мінулага года сваім лістом ад ураду прапанаваў для супольнай рэалізацыі бізнесу дзвюх краінаў пяць праектаў, – сказаў пасол. – Мы гэтую прапанову прынялі, разумеючы, што яе рэалізацыя дапаможа, у тым ліку, развіццю эканомікі Беларусі. Мы разлічваем, што ў сярэдзіне наступнага года «РосБелАўта» можа запрацаваць. Я яшчэ раз паўтараю, што гэта ў інтарэсах беларускага боку».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў