За чый кошт Пуцін ратуе Лукашэнку?


Міністэрства фінансаў Беларусі разлічвае атрымаць расейскі крэдыт памерам $ 2 млрд на пачатку 2014-га. І хоць ва ўрадзе разлічвалі на большую суму, гэтых сродкаў будзе дастаткова для краіны амаль на год, падлічылі эканамісты. Між тым, як зазначыў сам Лукашэнка, у Крамлі «гэтак проста нічога не робяць». А таму ці не абернецца маскоўскі падарунак скрыняю Пандоры?

{movie}Пуцін ратуе Лукашэнку|right|13946{/movie}

Войны завершыліся. Расейска-беларускі калійны, нафтавы, малочны, мясны канфлікты разам з 2013 годам сыходзяць у гісторыю. А вось гісторыя стасункаў абедзвюх краінаў нібы распачынаецца з чыстага ліста: Крэмль вылучыў крэдыт афіцыйнаму Менску. Гэткі вынік, дадатковая пазыка на 10 гадоў памерам да $ 2 млрд, для кіраўніка Беларусі – нібы калядны падарунак.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Я вельмі ўдзячны вам за тое, што вы пастанавілі падтрымаць эканоміку Беларусі ў гэты надзвычай складаны час. Падтрымка не будзе проста так праедзеная”.

Зрэшты, не толькі такое абяцанне прагучала з беларускага боку. Яшчэ да візіту Лукашэнкі ў Маскву з вуснаў высокіх чыноўнікаў нашай краіны прагучала інфармацыя пра гатовасць прадаць расейцам долю ў шэрагу прадпрыемстваў.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Як толькі далі гэтыя абяцанні, адразу ж пайшоў рух і ў пытаннях крэдытаў, і па пытаннях паставак нафты на наступны год”.

Але гэта не адзіны аргумент, які мог расшчодрыць Уладзіміра Пуціна.

РАМАН ЯКАЎЛЕЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:
“Галоўнае пытанне для яго сёння – перажыць спакойна сочынскую алімпіяду. І нейкія недарэчнасці для яго з Беларуссю, ці Украінай вельмі непажаданыя. Таму адсюль і такая шчодрасць: Украіна атрымала грошы. Таксама даў і, як бы хто ні быў супраць гэтага, Лукашэнку”.

Яшчэ адзін магчымы матыў добразычлівасці Масквы застаўся невядомым грамадскасці, звяртае ўвагу расейская прэса.

ВЫДАННЕ «КОММЕРСАНТЪ»:
«Неагучаным засталося яшчэ адно падпісанае пагадненне – наконт вайскова-тэхнічнай супрацы паміж Расеяй і Беларуссю. Імаверна, гэта і ёсць сапраўдны кошт пытання. Гэта менавіта тое, з-за чаго Аляксандр Лукашэнка штораз вяртаецца ў Маскву па перамогу».

Але атрымліваць перамогу становіцца штораз складаней. Напярэдадні сустрэчаў у Маскве беларускі бок разлічваў на крэдыт памерам $ 3 млрд. Бо не толькі існуе неабходнасць выплочваць заробкі ў краіне, але і абслугоўваць ранейшыя пазыкі.

УЛАДЗІМІР АМАРЫН, ПЕРШЫ НАМЕСНІК МІНІСТРА ФІНАНСАЎ РБ:
“Плацяжы вонкавым доўгу Беларусі ў 2014 годзе складуць $ 3,2 млрд. Для гэтага мы плануем прыцягваць як вонкавыя, гэтак і ўнутраныя пазыкі ў замежнай валюце”.

Але і гэтыя намаганні могуць быць марныя. У прыватнасці эксперты Еўразійскага банку развіцця і рэканструкцыі агучылі папярэджанне, што прыцягненне ў краіну простых замежных інвестыцыяў і атрыманне вонкавых пазык не развяжуць сістэмных праблемаў беларускай эканомікі. Зрэшты, зразумела гэта становіцца не толькі экспертам у галіне гаспадаркі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Калі магу аддаць, то тады і магу пазычыць”.
“А ці Беларусь можа цяпер аддаваць?”.
“Я думаю, што нічога не можа”.
“А дзе ж яны дзяюцца пасля, гэтыя крэдыты, якія мы набіраем ўвесь час?”.
“Расея нашыя суседзі, нашыя браты. Таму хто ж нам яшчэ дапаможа? Хто ж нас яшчэ вырушчыць?”.
“Я наагул супраць крэдытаў, бо гэта ўсё вам плаціць трэба будзе”.

І з улікам агучанага крэдыту з Расеі, доўг краіны вырасце да $ 39 млрд, а гэта на кожнага беларуса, разам з немаўлятамі, – па $ 4 тыс.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў