Збіццё журналісткі ўлады Украіны хочуць падаць як «бытавуху» (ВІДЭА)


За некалькі гадзінаў да нападу журналістка апублікавала артыкул пра шыкоўны маёнтак кіраўніка МУС Віталя Захарчанкі з загалоўкам «Тут жыве кат».

Помста сілавікоў

Дом кіраўніка МУСДом кіраўніка МУСЖорсткае збіццё вядомай украінскай журналісткі Таццяны Чарнавол ускалыхнула ўсю Украіну. Напад адбылося ўначы з 24 на 25 снежня на Барыспальскай трасе (за Кіевам). Аўта Таццяны заблакаваў пазадарожнік «Porsche Cayenne Turbo». Журналістка спрабавала ўцячы, але яе дагналі. Нападнікаў было трое. У выніку Таццяна са шматлікімі пераломамі апынулася ў рэанімацыі.

Таццяна Чарнавол вядомая тым, што публікуе матэрыялы пра карупцыю ў найвышэйшых эшалонах улады, у прыватнасці – датычныя прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. За некалькі гадзінаў да нападу журналістка апублікавала артыкул пра шыкоўны маёнтак кіраўніка МУС Віталя Захарчанкі з загалоўкам «Тут жыве кат». А вось публікацыі пра тое, дзе жыве генеральны пракурор Украіны Віктар Пшонка, Таццяна паставіць не паспела. Артыкул пра яго палацы выйшаў ужо пасля збіцця.

Чарнавол працуе на выданне «Українська правда» – тое самае, якое заснаваў журналіст Георгій Гангадзэ, па-зверску забіты працаўнікамі міліцыі на загад нябожчыка міністра МУС Юрыя Краўчанкі (працаваў пры Кучму).

Апублікаваны запіс з відэарэгістратара Таццяны Чарнавол, які быў усталяваны ў ейным аўтамабілі, паказвае ўсё з пачатку пагоні да блакавання.

{movie}Напад на Чарнавол|right|13937{/movie}

Відэакадры ўражваюць: злачынцы таранілі аўтамабіль Чарнавол, не шкадуючы свайго дарагога «Porsche». Пасля таго, як журналістку збілі, яе кінулі на дарозе, а машыну скацілі ў кювет. Зламыснікі з’ехалі ў невядомым кірунку. Мабыць, рэгістратара не знайшлі таму, што прылада была ўсталяваная нестандартна (збоку, каля дашку ад сонца, а не пасярод лабавога шкла, як гэта робіцца звычайна).

Падстаўны «Porsche»

Дзякуючы відэазапісу, удалося выйсці на ўласніка «Porsche» – Аляксандра Храмцова. Яго затрымалі, але высветлілася, што пазадарожнік ён прадаў яшчэ паўгода таму паводле даверанасці, таму аўтамабіль да гэтага часу лічыцца ягоным.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Храмцоў да нападу не датычны. Другі затрыманы – Андрэй Насікоўскі, у якога пасля нападу пераначаваў трэці падазраваны, Сяргей Кацянкоў. Насікоўскі запэўнівае, што таксама не мае дачынення да злачынства, бо ў момант здарэння быў дома. А вось Кацянкова да гэтага часу не могуць знайсці. Менавіта Кацянкоў набыў у Храмцова той самы «Porsche», на якім ехалі зламыснікі.

Андрэй Насікоўскі праз старонку ў “Фэйсбуку” звярнуўся да Кацянкова з просьбаю прыйсці ў міліцыю і ўсё расказаць. Праўда, няясна, ці сапраўды Кацянкоў датычны да злачынства, ці ён уцёк, асцерагаючыся, што на яго «павесяць» гэтае жорсткае злачынства. Калі Храмцоў і Насікоўскі сапраўды не збівалі Чарнавол, следству трэба высветліць, хто ж ехаў у «Porsche».

Гэта можа растлумачыць ўладальнік пазадарожніка Кацянкоў – у тым выпадку, калі ён раней не прадаў камусьці іншаму гэтую машыну. Рэч у тым, што 23 снежня на сайце аўтапродажу быў выстаўлены менавіта гэты «Porsche», і хто ім валодаў на момант злачынства, пэўна невядома.

«Збілі за праўду»

Украінскія сродкі масавай інфармацыі звязваюць збіццё Таццяны Чарнавол менавіта з ейнаю журналісцкаю ды палітычнаю дзейнасцю. Таццяна не толькі пісала гучныя артыкулы, але і актыўна падтрымлівала Еўрамайдан: выступала на сцэне, прымала ўдзел у акцыях пратэсту.

{movie}Таццяна Чарнавол у кепскім стане|right|13938{/movie}

Збіццё выклікала асуджэнне з боку Еўразвязу і ЗША – замежныя палітыкі заклікалі ўкраінскія ўлады неадкладна расследаваць гэтае злачынства.

Першапачаткова МУС Украіны распачало дасудовае расследаванне паводле артыкулу «хуліганства». Сёння, 26 снежня, справу перакваліфікавалі на «нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў».

Адразу пасля нападу намеснік начальніка Галоўнага следчага ўпраўлення МУС Украіны Алег Татараў на брыфінгу заявіў, што ёсць тры версіі матываў злачынства: прафесійная дзейнасць, ДТЗ і правакацыі. У Партыі рэгіёнаў тут жа абвінавацілі апазіцыю, быццам Таццяну Чарнавол збілі праз супраціўнікаў уладаў. Несумненна, кіраўніцтву краіны нявыгадна, каб выявілася, што напад на Чарнавол адбыўся праз ейную прафесійную дзейнасць, а таму ўпарта будзе адпрацоўвацца менавіта побытавая версія.

Разам з тым, міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» пачала сваё ўласнае расследаванне. Паводле Крысціяна Міра, старшыні кіраўніцтва гэтай арганізацыі, вялікаю праблемай Украіны застаецца тое, што выпадкі гвалту ў дачыненні журналістаў застаюцца беспакаранымі. І сапраўды, за апошні час ва Украіне адбылося мноства нападаў на журналістаў і грамадскіх дзеячаў. Ні аднаго злачынства не раскрылі.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў