Ува ўдзельніка акцыі «Стоп падатак» забралі BMW


Кіроўцу спачатку аштрафавалі за тое, што той сігналіў, а потым увогуле забралі аўта – «на экспертызу».

Дзмітрый Прыгараў для ўдзелу ў акцыі «Стоп падатак» выехаў на сталічны праспект з улёткаю «Хопіць абдзіраць!» на сваім аўтамабілі, з якога гучала «Не быць скотам» у выкананні «Ляпіса Трубяцкога», – паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна». Праз некаторы час яго затрымалі працаўнікі ДАІ.

{movie}Акцыя “СТОП-падатак” у Менску (20.12.2013) |right|13935{/movie}

«Мяне адразу ж аштрафавалі за тое, што я сігналіў. Значыць, ім пра гэта ўжо паведамілі праз рацыю. Пытанне пра тое, як вызначылі ў суцэльным гуле менавіта мой сігнал, нікога не цікавіла. Пры мне працаўнік ДАІ камусьці патэлефанаваў і ўдакладніў нумар артыкулу за падаванне гукавога сігналу і з усмешкаю сказаў, што ўпершыню будзе штрафаваць за тое, што нехта сігналіў. Ён выпісаў мне квітанцыю на 65 тысячаў штрафу», – распавёў Дзмітрый праваабаронцам.

Пасля таго, як выпісалі штраф, працаўнікі ДАІ атрымалі праз рацыю нейкае ўказанне і адразу ж папрасілі кіроўцу адкрыць капот аўта. «Я падняў капот. Ён толкам туды нават не паглядзеў і паведаміў, што машына адпраўляецца на стаянку Цэнтральнага РУУСу. Я спытаў прычыну, ён сказаў: «У вас перавараны «кубак» з нумарным знакам кодаўба». Я паказаў яму завадскія швы, спрабаваў пераканаць, што такога быць не можа. На ўсе мае довады ён адказаў, што ён не эксперт, і з гэтым будуць разбірацца эксперты», – гаворыць кіроўца.

Калі 23 снежня Дзмітрый Прыгараў прыйшоў у Цэнтральны РУУС, яго каля гадзіны перанакіроўвалі з кабінету ў кабінет. У выніку ён даведаўся, што ягонае аўта застанецца у РУУС яшчэ… на месяц.

Кіроўца накіраваў скаргу на дзеянні працаўнікаў міліцыі начальніку ўпраўлення ўнутраных справаў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску.

МЛ, паводле spring96.org

Стужка навінаў