«Дзень добры, пане гаспадару!»: у Горадні хочуць калядаваць па-новаму


Як спалучаецца гэтая паганская традыцыя з хрысціянскім святам, ці носіць яна камерцыйны характар і чым могуць аддзячыць сёння гаспадары, «Belsat.eu» даведваўся ў гарадзенскіх калядоўнікаў.

Два ў адным: Божае нараджэнне і Каляды

Хтосьці адзначае Каляды, а хтосьці – Раство Хрыстова. А ёсць людзі, якія спалучаюць два ў адно. Інга Сакута, калядоўніца са шматгадовым стажам, шчырая праваслаўная верніца, калядуе, каб папулярызаваць беларускія старажытныя традыцыі, але ж ставіцца да такой дзейнасці як да тэатралізацыі.

«На мяне паўплывала жыццё на вёсцы ў дзядулі і бабулі, таму лічу важным аддаць даніну традыцыі, якая існуе з паганскіх часоў. Вядома ж, я святкую Нараджэнне Госпада нашага Ісуса Хрыста. А ў калядаванне не ўкладаю такога сімвалічнага значэння, як нашыя продкі. Думаю, што і сёння ёсць неаязычнікі, якія вераць, да прыкладу, што каза – гэта сімвал дабрабыту і багацця, і, калі не пусціць яе разам з калядоўнікамі ў хату, то багацця і дабрабыту ў наступным годзе не будзе. Але ж для мяне калядаванне – гэта, у першую чаргу, тэатралізацыя, каб паказаць, як святкавалі нашыя продкі ў старажытнасці», – гаворыць Інга.

Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і шчыры каталік Юрый Седзянеўскі. Ён калядуе ўжо 7 гадоў і мяркуе, што гэта адзін з самых простых і пазітыўных спосабаў адзначыць святы, павіншаваць іншых людзей. Паводле Юрыя, Каляды ў параўнанні з іншымі паганскімі святамі ды традыцыямі, такімі, як Купалле ці Масленіца, маюць у сабе найменш паганскага і святкуюцца адначасова з хрысціянскім святам. Юрый назваў калядаванне «выхаваннем вясковай традыцыі ў горадзе».

Але ж пераказванне традыцыяў – гэта не адзіная мэта касцюмаванай імпрэзы. Калега з каляднай групы Зміцер Герасюк лічыць, што яшчэ не дарос да такой высакароднай мэты. Зміцер калядуе, каб атрымліваць асалоду ад працэсу. Эмоцыі, выкліканыя гаспадарамі, сябрамі, самою акцыяй, дадаюць яму сілы да жыцця, натхняюць на карысную дзейнасць.

Ці можна зарабіць на Калядах?

Сэнс калядавання, па сутнасці, заключаецца ў тым, што група людзей у адмысловых строях робіць шоу з дастаўкаю на дом ці офіс, а за гэта атрымлівае падзяку ў выглядзе таго, што палічаць вартым даць гаспадары. Каштарысаў у калядоўнікаў няма. Усё будуецца на ўзаемным жаданні ці нежаданні аддаваць. Калі калядуюць у знаёмых, то зазвычай недасведчаныя гаспадары па сваім запыце атрымліваюць курс асветы – чым можна адарыць выступоўцаў. Крыху іншая справа, калі да прыходу калядоўнікаў ніхто не рыхтаваўся і асабліва гэты дзень не святкуюць. Тады замест натурпрадуктаў можна даць і грошы.

Ігар Лапеха, удзельнік хору «Бацькаўшчына» і адзін з тых, хто аднаўляў калядныя традыцыі ў Горадні, пацвердзіў, што грошы давалі заўсёды. «Давалі тое, што было ўласцівае для традыцыяў той ці іншай сям’і – і каўбасу, і гарэлку, і цукеркі, і грошы», – распавядае спадар Ігар.

Інга мяркуе, што даваць грошы калядоўнікам – гэта нармальна, тым больш калі гаспадары адмыслова не падрыхтаваліся. «Апошнія гады мы ездзім ад хаты да хаты на машынах, бо тут не вёска, а горад. Першы год як хадзілі, то пасля чацвёртай хаты так выматаліся, што ўжо і святкаваць не мелі сілаў. Хочацца абысці як мага больш хатаў. І справа тут зусім не ў тым, каб «зрубіць» болей грошай, а каб прынесці больш радасці людзям, больш людзей павіншаваць з Раством Хрыстовым. Летась далі больш за ўсё грошай, так што і на паліва было дастаткова, і яшчэ засталося. Дык мы за іх цяпер набылі новыя касцюмы. Але ці можна гэта назваць камерцыяй? Ніколі не было такога, каб мы гэтыя грошы дзялілі: табе тры тысячы, а табе – дзесяць, бо ты лепш спяваў. Я не лічу калядаванне камерцыйным праектам».

Гарадзенская традыцыя калядавання існавала заўсёды

«Гэтая традыцыя існавала тут заўсёды», – усміхаецца Юрый, кажучы пра гісторыю калядавання.

Аднак аднаўляць традыцыю ўсё ж давялося. Гэтым заняліся хор беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» і гісторыка-культурны клуб «Паходня» на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У той час пачало адраджацца публічнае адзначэнне Раства і ўзнікла пытанне: а якія беларускія традыцыі адпавядаюць гэтаму святу. Так і сталі вяртацца да каранёў. Тады ініцыятары калядавання самі складалі сцэнар, уласнаруч рабілі сабе строі, адмыслоўцам у калядных зорках быў Ігар Лапеха.

Асноўнаю адметнасцю гарадзенскага калядавання, паводле спадара Лапехі, было прыстасаванне да патрэбаў сучаснасці.

«Мэтаю не было адыграць канцэрт у хаце, але зрабіць так, каб было цікава гаспадарам, і адначасова нагадаць аб старажытнай традыцыі. Аднак мы не ставілі сабе задачу дакладна рэканструяваць строі пачатку ХХ стагоддзя», – гаворыць спадар Ігар.

Ён узгадаў, што тады калядаванне было вельмі папулярнае, пагатоў у гарадскіх калядоўнікаў строі былі лепшыя за вясковыя. Наведвалі тады, як і цяпер, пераважна падрыхтаваных да візіту людзей – знаёмых, сяброў, хоць заўжды бывалі выпадкі, калі заходзілі ў незнаёмыя хаты.

У адрозненні ад сёлетняга калядавання раней пераапраналіся заўжды хлопцы, а дзяўчаты шчадравалі проста ў прыгожых убраннях. Цяпер жа хлопцы больш пераборлівыя і казою станавіцца грэбуюць.

Сёлетнія калядоўнікі выказалі ідэю зрабіць калядаванне яшчэ больш сучасным, сацыялізаваць яго. Калі ідэю атрымаецца ўвасобіць у жыццё, то па хатах будуць ўжо хадзіць не Каза з Мішкам ды Цыганом, а Тралейбусны Кантралёр з Будаўніком ды АМАПаўцам. «Хто сёння вымушаны калядаваць, каб зарабіць на жыццё», – жартуе над уласнаю ідэяй моладзь. Дарэчы, нават першапачатковец Ігар Лапеха не супраць такой трансфармацыі традыцыі.

Характэрная рыса гарадзенскай групы – і тое, што амаль ніхто з удзельнікаў не мае аніякага прафесійнага дачынення да сферы культуры. Усе калядоўнікі моцна занятыя ў штодзённасці, але ж знаходзяць час на рэпетыцыі ды хаджэнне па дамах у свае выходныя. Адметна і тое, што традыцыя за апошнія 20 гадоў не занікае – штогод да групы далучаюцца з 30 % новых удзельнікаў. Зразумела, што частка ўвесь час адыходзіць: хтосьці сталее, хтосьці пераязджае ці змяняе ўмовы жыцця – жэніцца, нараджае дзіця. «За гэты перыяд нашая супольнасць налічвае ўжо каля пяцідзесяці асобаў», – падсумоўвае Юрый.

Каб падзякаваць калядоўнікам, гаспадары … заспявалі

Калядоўнікі прыгадалі, што найбольш запомнілася і спадабалася за час калядаванняў.

Інга распавяла гісторыю, калі яны прыйшлі ў хату да жанчыны з малым дзіцём. «Дзіцятка ляжала ў крэсельцы, а мы сталі навокал – ды было ўражанне, што сярод нас нованароджаны Дзіцятка Ісус», – гаворыць дзяўчына.

Прыемна бывае, калі людзі неяк добразычліва рэагуюць на намаганні «артыстаў». Юрый узгадаў выпадак, калі жанчына высунулася з акна, убачыўшы калядоўнікаў на вуліцы, і сыпанула ім адтуль цукерак. Сведчанне неабыякавасці гледачоў да каляднай інсцэнізацыі – і тое, што неаднаразова бацькі расказвалі, як пасля Калядаў іхныя малыя дзеці пачынаюць гуляць у «Козачка ўпала – ажыла».

Зміцер успомніў, якімі незвычайнымі падарункамі ўзнагароджвалі гаспадары сваіх выступоўцаў. Аднойчы ў адказ на калядную іспрэзу гаспадары самі заспявалі калядкі. Летась жа прыемнаю нечаканасцю было атрымаць € 50 у падзяку.

Цёпла калядоўнікі ўспаміналі Новы свет [стары квартал у Горадні з драўлянаю забудоваю – belsat.eu], дзе ў кожнай незнаёмай хаце прымалі гасцінна. Нават зайшлі ў дом, дзе была цяжка хворая бабуля, але калядоўнікаў усё роўна прывіталі, паслухалі, пачаставалі ды выбачаліся, што не надта ў іх вясёлыя дні.

Западалі ў памяць не толькі грашовыя падарункі, але і нечаканыя арэхі, як праваслаўная традыцыя, ці цэлая скрыня яблыкаў. Задавальненне калядоўнікі атрымоўвалі і ад экспромтаў у нечаканых умовах, і ад радасці гаспадароў, калі тыя бачылі фокусы Мішкі.

Гэтак, сучасная гісторыя калядавання ў Горадні налічвае каля 20 гадоў. А выступы, якія распачаліся сёлета, працягваюць гісторыю народнай традыцыі.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў