У Менску замежным гасцям прапаноўваюць сувеніры са Сталінам


Кубкі ды магніты з партрэтам Сталіна і надпісамі “Слава вялікаму Сталіну!” можна набыць у гатэлях і сувенірных крамах сталіцы. А друкарня “Карандаш”, што не так даўно палічыла экстрэмісцкаю мапу Усходніх могілак у Менску, робіць сувеніры з выяваю дыктатара на замову.
“Калі выява Сталіна каго абражае – гэта ягоная асабістая праблема”
Кубкі, талеркі ды магніты з партрэтам “правадыра народаў” і словамі “Слава вялікаму Сталіну!” трапілі на вочы карэспандэнтцы “Белсату” ў сувенірным шапіку ў гатэлі “Спадарожнік” у Менску. Прадавачка шапіка Галіна адмовілася паказаць дакументы з найменнем вытворца сувеніраў, як і кнігу заўвагаў і прапановаў. Але згадала, што ейны бацька працуе начальнікам турмы на Валадарскага, ды разам з ахоўнікам пагражала выклікаць міліцыю. Галіна не бачыць нічога ненармальнага ў гэткіх сувенірах. “Мне ўсё роўна, што там напісана, каму там слава. Трэба на некаторыя рэчы вочы заплюшчваць, і жыць будзе прасцей. Дайце спакою”, – адмахвалася ад размовы жанчына.
У дырэкцыі гатэлю распавялі, што прадукцыю з сімволікаю СССР ім пастаўляе індывідуальны прадпрымальнік з Горадні Сяргей. Прозвішча Сяргея высветліць не атрымалася. Але гарадзенскі бізнесовец трохі распавёў пра свае сувеніры.
“Серыя называецца “Настальжы” і карыстаецца попытам, набываюць шмат – і кубкі, і талеркі з савецкай сімволікаю, з партрэтамі Леніна, Сталіна. У гатэлях, дзе прадаюць нашую прадукцыю, кажуць, што гэта – самы папулярны прадукт, – падкрэсліў прадпрымальнік. – Калі каго абражае такая прадукцыя – дык гэта асабістая праблема гэтага чалавека, я пад яго не працую. Гэты тавар не забаронены, на яго не патрэбная асобная ліцэнзія, ён карыстаецца попытам, гэта не крымінал, не парнаграфія, і калі ў каго ёсць праблемы нейкія, быў хто там рэпрэсаваны ці што – то няхай не ходзіць у сувенірныя крамы, такая мая парада будзе”.
Друкарня “Карандаш”: Вам звычайнага Сталіна ці хамелеона?
Далейшыя пошукі сувеніраў са Сталінам прывялі ў вядомую сваімі “антыэкстрэмісцкімі” поглядамі менскую друкарню “Карандаш”. Параіў да іх звярнуцца Уладзімір – уладальнік пункту сувеніраў у гандлёвым цэнтры “Сталіца”, дзе прадаюць магніты з выявамі Сталіна. Пра іх Уладзімер сказаў, што набывае ў Расеі. А вось па кубкі – звяртайцеся ў “Карандаш”.
У друкарні на словы, што патрэбны кубак з выяваю Сталіна і словамі “Слава вялікаму Сталіну!” дзяўчаты-адміністратаркі паўсміхаліся і сказалі, што ўсё можна зрабіць – дастаткова выслаць на электронную скрыню пажаданую выяву. Мы даслалі на пошту партрэт Сталіна. Вельмі хутка прыйшоў адказ з макетам кубка. Апрача таго, нам прапанавалі на выбар тры варыянты кубкі: звычайны, каляровы і “хамелеон”.
Ігар Кузняцоў: Гэткія сувеніры – абраза Беларусі
Гісторык Ігар Кузняцоў, што займаецца вывучэннем перыяду сталінскіх рэпрэсіяў, выступае катэгарычна супраць гэткага гатунку сувенірнай прадукцыі – ён лічыць, што яна абражае Беларусь і яе жыхароў.
“Гэта тое самае, як калі б у Нямеччыне пачалі прадаваць сувеніры з партрэтам Гітлера. – кажа эксперт. – “Нюрнберг-2” у Беларусі не адбыўся, хоць ён і патрэбны. Юрыдычнай забароны на савецкую сімволіку ў нас няма. Але нават без забароны, я лічу, гэта амаральным – прадаваць выявы тых дыктатараў, на чыіх руках кроў мільёнаў людзей. Тыя, хто вырабляюць і прадаюць гэтую прадукцыю, нясуць маральную адказнасць. Я не ўяўляю, як увогуле такі прадавец можа глядзець у вочы тым людзям, чые блізкія былі знішчаныя сталінскаю сістэмаю?”
На думку спадара Кузняцова, турысты будуць набываць такія сувеніры, але не зусім з цікавасці ці каб паставіць дома на паліцу як напамін: “Замежнікі будуць купляць гэтыя кубкі ды талеркі, каб прывезці дамоў і паказаць: маўляў, глядзіце, што ў іх там робіцца, да чаго яны там дайшлі. Чаму ўвогуле гэты злачынца мае быць на сувенірах? Гэта што – брэнд краіны? Гэта абраза Беларусі”.
Друкарня “Карандаш”, упэўнены гісторык, выкарыстоўвае з камерцыйнымі мэтамі ўсё, на чым можна зарабіць грошы. “Сітуацыя паказальная – тое, што датычыць Сталіна і гэтай тэматыкі, – калі ласка, а тое, што спрыяе адраджэнню нацыянальных каштоўнасцяў, памяці, – тут у іх спрацоўвае самацэнзура. Маральныя нормы ім, відаць, не знаёмыя”, – зрабіў выснову даследчык сталінскіх рэпрэсіяў.
Марына Маўчанава, belsat.eu
Стужка навінаў