Сёння ўначы невядомыя жорстка збілі ўкраінскую журналістку Таццяну Чарнавіл (ВІДЭА)


Напярэдадні яна выклала ў сетку фатаграфіі дому міністра ўнутраных справаў Віталя Захарчанкі, якога лічаць адным з аўтараў злачыннага загаду аб крывавым разгоне Еўрамайдану.


Аб збіцці журналісткі паведаміў на сваёй старонцы ў “Facebook” журналіст Мустафа Наем.


Паводле ягоных звестак, гэта здарылася ў прадмесці Кіева Барыспалі. У Чарнавіл страсенне мозгу, зламаны нос, шматлікія гематомы. “Са словаў Таццяны, яна ехала да сябе ў сяло Гара, калі заўважыла за сабою сачэнне. Яна рэзка павярнула назад у Барыспаль. Пасля чаго яе аўтамабіль некалькі разоў ударылі. Яна спынілася. З аўта выбеглі два мужчыны, разбілі шкло. Яна выскачыла з аўтамабіля і паспрабавала бегчы. Яе дагналі ды пачалі біць”, – піша Мустафа Наем.


{movie}Збітая журналістка ў больніцы|right|13925{/movie}


Таццяна Чарнавіл – аўтарка і блогерка парталу “Украінская праўда”, грамадзянская актывістка. Апошні яе матэрыял у блогу быў апублікаваны ўчора ўвечары. Журналістка выклала фатаграфіі дому ўкраінскага міністра ўнутраных справаў Віталя Захарчанкі. Раней пісала крытычныя матэрыялы пра генпракурора Віктар Пшонку, украінскага прэзідэнта Віктара Януковіча ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў Украіны.


“Цяпер будзе шмат словаў. Шмат нічога не вартых словаў. Але незалежна ад таго, як і хто пракаментуе гэтае варварства, відавочны адзін факт.


Усе, хто цяпер побач з Віктарам Януковічам (…) УСЕ, хто і далей застаюцца побач з ім у адной камандзе – ВЫ ЎСЕ аўтаматычна падтрымліваеце тое, што цяпер адбываецца на вашых вачах, – піша на сваёй сцяне ў “Facebook” Мустафа Наем. – Усе, хто робіць выгляд, што нічога не разумее і не можа нічога зрабіць, так ці інакш датычныя да кожнага ўдару, які наносілі па твары Таццяны Чарнавіл. Вы можаце рабіць выгляд, што гэта не так. Вы можаце баязліва апусціць вочы, намякаючы, што вы тут ні пры чым. Але гэта ВАШ твар”, – пракаментаваў збіццё журналісткі на сваёй старонцы ў “Facebook” украінскі публіцыст Мустафа Наем.
{movie}Украінскія журналісты спрабуюць высветліць абставіны збіцця|right|13926{/movie}
ЮВ, belsat.eu
Стужка навінаў