17-гадовы хлопец, якога затрымалі на Плошчы-2015: Я патрыёт, вось у чым справа


Хлопца, на якога склалі пратакол за ўдзел у Плошчы-2015, выклікалі на размову да дырэктары школы. Іншых наступстваў для маладзёна пакуль няма.

Ягор Скрабнеўскі мірна стаяў з бел-чырвона-белым сцягам увечары 11 кастрычніка на плошчы Незалежнасці, калі да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі.

Спачатку міліцыянты заявілі, што Ягор будзе абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Затым – абвінавацілі хлопца ў лаянцы. У выніку Ягора адвялі ў маршрутку, якая была прыпаркаваная ля Чырвонага касцёла, склалі на яго пратакол і адпусцілі.

Ягор Скрабнеўскі вучыцца ў 11-ым класе ў менскай школе № 90. Кажа, што выйшаў 11-га кастрычніка на плошчу з бел-чырвона-белым сцягам, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, падае «Наша Ніва».

«Я патрыёт, вось у чым справа, калі казаць коратка, – кажа Ягор. – Я яшчэ не магу галасаваць. Але калі б мне споўнілася 18, я б на выбары не пайшоў. Я лічу, што ўсё гэта фарс. У кампаніі Караткевіч ёсць пэўныя цікавыя моманты… але ж не, я б не галасаваў. Сёлета мае бацькі таксама не галасавалі».

 

Хлопец падкрэслівае, што разумеў, калі выходзіў, што можа здарыцца. Кажа, ведаў, што магчымыя наступствы.

«Але ж калі ўсе будуць баяцца і не хадзіць, то ўвогуле загінуць беларусы. Ну так, я трапіў да міліцыі, але я не шкадую, проста так здарылася. Такое магло адбыцца з кожным, хто выходзіць паказаць сваю незадаволенасць», – мяркуе Ягор.

Што яго чакае далей, хлопец пакуль не ведае. Пратакол ён не падпісваў.

«Я не ведаю, што там будзе. Ці дадуць мне штраф, ці не. Спадзяюся, што хопіць сваіх грошай, каб яго аплаціць, – кажа Ягор. – Пратакол я не падпісаў нават не таму, што быў не згодны. Мне яго проста не паказалі. Міліцыянты склалі яго, а потым мяне адпусцілі, вось і ўсё. На мае пытанні яны не адказвалі, але паводзілі сябе дастаткова спакойна. Прычым цікава, што ў мяне не было ж дакументаў – я няпоўнагадовы. Міліцыя павінна была перадаць мяне маці, але адпусцілі проста так».

У панядзелак у школе Скрабнеўскага выклікалі да дырэктара на размову. Але, па словах хлопца, яны проста пагаварылі. Ніякіх праблем яго прысутнасць на плошчы не выклікала, прынамсі, пакуль што.

Паводле Улада Швядовіча, nn.by

Стужка навінаў