17-гадовай дзяўчыне за каментар «Белсату» пагражалі крымінальнай справай


17-гадовай дзяўчыне з Ваўкавыску, якая падчас акцыі пратэсту 3 ліпеня ў Менску давала каментар «Белсату», супрацоўнікі міліцыі пагражалі крымінальная справай, але ў выніку абмежаваліся складаннем адміністрацыйнага пратаколу.

Бацька непаўнагадовай дзяўчыны Васіль Валашчук паведаміў ПЦ «Вясна», што 13 ліпеня на хатні нумар патэлефанаваў супрацоўнік Маскоўскага РУУС, які прадставіўся Андрэем Менцам. Да тэлефону падышла маці дзяўчыны, яна стала размаўляць з міліцыянт праз гучную сувязь. Падчас размовы Андрэй Менц цікавіўся дзяўчынай, сказаў, што на яе заведзеная крымінальная справа за тое, што яна 3 ліпеня 2017 знаходзілася на несанкцыянаваным мітынгу і на пытанні, якія задаваў карэспандэнт «Белсату», выказалася супраць дзейнай улады.

Менц запатрабаваў, каб дзяўчына на працягу трох дзён зʼявілася да яго для дачы тлумачэнняў з нагоды яе адказаў на пытанні журналіста. Таксама ён прыгразіў штрафам у памеры да 2 тысяч рублёў.

Дачка Васіля Валашчука ўвесь час была побач і калі пачула пагрозы на свой адрас – страціла прытомнасць. Ёй выклікалі хуткую дапамогу.

Бацька дзяўчыны распавёў, што ў гэты час знаходзіўся за мяжой, яму прыйшло смс-паведамленне з тэкстам: «Дзе ваша дачка? Гэта з міліцыі». Васіль Валашчук вельмі ўсхваляваўся, бо не ведаў прычыны паведамлення, пачаў тэлефанаваць на нумар, з якога прыйшло смс, але слухаўку ніхто не здымаў. Ён тэрмінова вярнуўся ў Ваўкавыск, пры гэтым згубіўшы працу.

Матэрыялы справы былі перададзеныя ў Ваўкавыскі РУУС. 2 жніўня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па арт. 23.34 КаАП у дачыненні да дзяўчыны камісіяй па справах непаўнагадовых, якая вынесла ёй папярэджанне.

Цяпер Васіль Валашчук з дапамогай юрыстаў «Вясны» звярнуўся з заявай да кіраўніцтва РУУС Маскоўскага раёну Менску, у якой просіць правесці праверку на прадмет некарэктнага звароту і пагроз з боку Андрэя Менца на адрас яго блізкіх, у выніку чаго пагоршыўся стан здароўя яго непаўнагадовай дачкі.

Трэба адзначыць, што ў размове з журналістам «Белсату» падчас анлайну з мітынгу 3 ліпеня дзяўчына сказала, што людзі ў Беларусі запалоханыя, але «седзячы дома сваёй краіне не дапаможаш». Яна таксама распавяла, што гэта яе першая акцыя пратэсту.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары