17 гадоў таму знік Зміцер Завадскі. Глядзіце фільм пра знікненне журналіста


Аператар тэлеканалу ОРТ Зміцер Завадскі знік без вестак у 2000 годзе. Ягоны аўтамабіль знайшлі ў аэрапорце «Мінск-2».

У выкраданні Завадскага абвінавацілі афіцэраў спецпадраздзялення «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка. Яны атрымалі пажыццёвае зняволенне. Курсанту Акадэміі МУС Аляксею Гузу далі 25 гадоў пазбаўлення волі.

Беспрацоўнага і раней судзімага Сяргея Савушкіна тады асудзілі на 12 гадоў. Аднак ужо праз 3 гады і 9 месяцаў той выйшаў на волю і зʼехаў у Нямеччыну, аднак неўзабаве ўлады дэпартавалі яго на радзіму. З 2016 году ён адбывае «хімію» за дробную кражу.

Летась у сакавіку журналісты знайшлі Савушкіна ў папраўчай установе адкрытага тыпу №55 у Менску і пагутарылі з ім. Інтэрвʼю для парталу «Беларускі партызан» рэдагаваў асабіста Павел Шарамет, калега і блізкі сябар Завадскага.

Павел Шарамет і Зміцер Завадскі. Архіўнае фота

«Прозвішча Завадскі я ўпершыню ў жыцці пачуў ад следчых. Спачатку следчы стаў пераконваць мяне, што я забіў Глеба Самойлава (былы кіраўнік менскай філіі чарнасоценнай арганізацыі РНЕ, – К.А), хоць і яго я не ведаў і не ўваходзіў у РНЕ. Далі паперку з пастановай пра затрыманне на 30 сутак у ІЧУ па падазрэнні ў дачыненні да забойства. Потым следчы стаў прымушаць мяне абгаварыць Ігнатовіча, сказаць, што гэта ён вінаваты ва ўсіх пералічаных злачынствах», – распавёў журналістам Савушкін.

Сяргей Савушкін у сакавіку 2016, фота аўтара

Ён – адзіны ўдзельнік трагічных падзеяў 17-гадовай даўніны, які сёння можа пацвердзіць: на ўсіх абвінавачаных аказваўся жорсткі ціск з боку следства.

«Нас трымалі на Валадарцы – там я парэзаў абедзве рукі, шыю і жывот брытвай на знак пратэсту. Павезлі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. Следчы Іван Бранчэль настойваў, што ў мяне ангіна і трэба зрабіць укол, а калі я адмоўлюся, то павязуць у нейкую спецлякарню, дзе будуць калоць сілком. Адразу пасля інʼекцый павялі на допыт у суседні кабінет, проста там, у Навінках. Сталі наперабой распытваць: «Як ты забіў Завадскага?» Адчуваю, перад вачамі туман, няма сіл сказаць ні слова. Што здарылася потым, усе ведаюць», – сказаў Савушкін.

А потым былі закрытыя суды, на якіх абвінавачаныя сваёй віны не прызналі. Цела журналіста не знайшлі дагэтуль.

У сярэдзіне 2000-х акцыі салідарнасці са зніклымі палітыкамі Юрыем Захаранкам, Віктарам Ганчаром, бізнесоўцам Анатолем Красоўскім і журналістам Зміцерам Завадскім, праходзілі амаль штотыднёва. Падчас адной з такіх акцый супрацоўнік АМАП ударыў па твары жонку Завадскага Святлану на вачах у няпоўнагадовага сына Юрыя.

Юрый Завадскі і сёння адмаўляецца гаварыць з журналістамі пра бацьку.

Справу Завадскага прыпынілі 10 гадоў таму, аднак паводле незалежнага расследавання, перад судом паўсталі шараговыя выканаўцы. У якасці арганізатараў называлі былога старшыню Савету бяспекі Віктара Шэймана, МУС Юрыя Сівакова і экс-камандзіра спецыяльнага аддзелу хуткага рэагавання Дзмітрыя Паўлічэнку. Усім ім забаронены ўезд у ЗША і краіны ЕЗ.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў