Пры UNESCO ўпершыню акрэдытавалі грамадскую арганізацыю з Беларусі


«Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» (СЭТ) стала першым прадстаўніком беларускай грамадзянскай супольнасці, акрэдытаваным пры структуры ААН, што займаецца пытаннямі адукацыі, навукі і культуры (UNESCO).

Паводле Алы Сташкевіч, прадстаўніцы Інстытуту культуры Беларусі, СЭТ акрэдытавалі пры UNESCO як арганізацыю, якая спрыяе захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны на нацыянальным і міжнародным узроўнях. «Гэта вельмі добры знак, які падкрэслівае важную рысу канвенцыі, накіраванай у першую чаргу не на інстытуцыянальны ўзровень, а на розныя супольнасці, грамадства ўвогуле», – адзначыла чыноўніца.

Спадарыня Сташкевіч падкрэсліла, што задача розных грамадскіх арганізацыяў, экспертных цэнтраў – сувязь нематэрыяльнай культурнай спадчыны з сучасным грамадствам, і ў першую чаргу, з моладдзю. «Пытанне захавання гэтай спадчыны залежыць выключна ад таго, ці далучаная моладзь у гэтага працэсу», – сказала адмыслоўца.

Цяперашні статус СЭТ робіць арганізацыю больш аўтарытэтнаю для іншых аб’яднанняў, ведамстваў і ўстановаў культуры Беларусі, у тым ліку дзяржаўнага ўзроўню. Ён таксама дазваляе паўнапраўна ўдзельнічаць у міжнародных фальклорных і этнаграфічных ініцыятывах.

Неафіцыйна Студэнцкае этнаграфічнае таварыства пачало працу ў 1998 годзе, афіцыйна зарэгістравалася – у 2002-м. Сябры СЭТ арганізавалі больш за 20 этнаграфічных экспедыцыяў у розныя рэгіёны Беларусі, а таксама ў суседнія краіны, дзе жывуць беларусы. У межах гэтай працы яны даследавалі і задакументавалі рытуалы, святы, сацыяльныя практыкі, веды пра прыроду і свет, шанаванне сакральных элементаў прыроды, магічныя практыкі, рамёствы, элементы побытавай культуры ды іншае.

Фальклорна-этнаграфічны архіў СЭТ налічвае каля 2 тыс. гадзінаў аўдыё- і відэазапісаў, 50 тыс. фотаздымкаў, якія адносяцца да нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а таксама калекцыі матэрыяльных каштоўнасцяў.

Арганізацыя праводзіць майстар-класы, школы рамеснікаў, навучанне ў вакальных і танцавальных гуртках, удзельнічае ў фестывалях і мастацкіх акцыях.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары