Гамельчука Аляксандра Грунова другі раз прысудзілі да смяротнай кары


Да пакарання смерцю прысудзілі забойцу гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай, 25-гадовага Аляксандра Грунова. Такое рашэнне прыняла сёння судовая калегія ў крымінальных справах Гомельскага абласнога суда.

Грунова прызналі вінаватым у забойстве з асабліваю жорсткасцю на падставе артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу.

Слуханне справы аб жорсткім забойстве дзяўчыны адбылося 23 снежня ў Гомельскім абласным судзе. Груноў 20 верасня 2012 года праз крыўду нанёс 102 нажавыя раненні Наталлі Емяльянчыкавай, ад чаго тая памерла на месцы.

Раней Гомельскі абласны суд прысудзіў Грунова да найвышэйшай меры пакарання, аднак судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда адмяніла смяротны прысуд, накіраваўшы справу на перагляд. 26 лістапада ў абласным судзе пачалося паўторнае слуханне справы.

Падчас слуханняў дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для абвінавачанага найвышэйшую меру пакарання – расстрэл. Пракурор зазначыла, што Груноў учыніў злачынства, якое шакуе сваёй жорсткасцю, гэты чалавек небяспечны для грамадства. На думку дзяржабвінаваўцы, у справе шмат акалічнасцяў, што абцяжарваюць віну Грунова, у той час як змякчальных – няма. Яўку з павіннаю, напісаную абвінавачаным пасля дастаўлення ў міліцыю, лічыць змякчальнай віну акалічнасцю нельга, заявіла пракурор.

Маці забітай студэнткі таксама запатрабавала для абвінавачанага найвышэйшай меры пакарання. «У яго няма ні кроплі шкадавання, ні кроплі раскаяння, як яго ўвогуле можна лічыць чалавекам?» – сказала жанчына. Падчас выступу з апошнім словам у судзе Груноў толькі папрасіў даравання ў маці забітай дзяўчыны ды сказаў, што «не ведае, як гэта здарылася». Наконт пакарання ні пра што суд не прасіў.

Забойства студэнткі Груноў учыніў праз год пасля адбыцця пакарання за збіццё, у выніку чаго мела месца смерць: ён збіў грамадзянскага мужа сваёй маці. Псіхіятрычная экспертыза прызнала маладога чалавека адэкватным, залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў у яго не выявілі. Аднак злачынец пакутуе на памяшанне свядомасці.

Падчас паўторнага судовага следства выявілася, што яшчэ да забойства студэнткі, у лютым 2012 года, Груноў жорстка збіў сяброўку маці. Жанчына звярнулася ў міліцыю, аднак пасля таго, як Груноў прыстрашыў яе забойствам, забрала заяву. Стала таксама вядома, што падсудны – ВІЧ-інфікаваны. Гэта выявілася, калі Грунова змясцілі ў следчы ізалятар.

Беларусь застаецца адзінаю краінай у Еўропе, дзе дагэтуль ужываецца смяротная кара.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў