Як Святы Вечар адзначыць і па-каталіцку, і па-беларуску?



Нараджэнне Божага сына – адно з самых вялікіх і значных святаў хрысціянства. Паводле старадаўняй традыцыі, у вечар перад гэтым святам сем’і збіраюцца пры супольным стале на адмысловай вячэры. Якія беларускія звычаі перапляліся з каталіцкаю традыцыяй у нашай краіне?
{movie}”Калядачкі” ў выкананні “Песняроў”|right|13907{/movie}
Вячэра, званая ад галоўнай стравы на стале Куццёю, пачынаецца, калі на небе з’явіцца першая зорка на ўспамін той зоркі, якая абвесціла тром каралям пра нараджэнне Божага сына. Усе стравы на стале, паводле традыцыі, – посныя. Іх мае быць 12, як Хрыстовых апосталаў і месяцаў у годзе. Стравы ставяць на белы абрус, што сімвалізуе чысціню памкненняў і сэрцаў у гэты вечар. Усе клопаты і сваркі мусяць адысці, а людзі не сядаюць за стол, не дараваўшы крыўдаў. Некалі пры паншчыне раз на год, менавіта на Святы вечар, паны елі разам са сваімі прыгоннымі.
{movie}”Чэсць табе, Марыя”|right|13906{/movie}
У Беларусі гаспадар запрашае за святочны стол Дзядоў, усіх памерлых продкаў, а асабліва тых, што адышлі ў гэты год. Запрашэнне адлюстроўвае повязь пакаленняў і памяць нашага народу пра мінуўшчыну. Лічыцца, што продкі адведваюць сямейнікаў у гэты час. Святочны стол не прыбіраюць на ноч, а стравы застаюцца, каб продкі маглі падсілкавацца. Сімвалічна для продкаў ставіўся адзін лішні сталовы прыбор. Мяркуецца, што прыбор можа спатрэбіцца таксама, калі раптам у хату завітае неспадзяваны госць (самотнік ці жабрак), якога трэба прывітаць і пачаставаць, бо гэта напамін пра тое, як некалі цяжарная Марыя з Юзафам шукалі прыстанку ў Бэтлееме.
{movie}”Нова радасць”. Рэп-выкананне|right|13908{/movie}
Пад абрус на святочны стол падкладаюць сена, на якім у стойле спаў маленькі Езус. Перш чым пачаць вячэру, беларускі гаспадар некалі браў гаршчок з куццёю і тройчы абыходзіў хату, затым стукаў у акно, а жонка з хаты пыталася: «Хто там стукае?» Гаспадар адказваў: «Сам Бог стукае з цёплаю, мокраю вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухою і багатаю восенню». Жонка мела адказаць: «Просім дахаты».

Вячэру распачынаюць з малітвы і чытання Евангелля пры святле свечкі, што сімвалізуе бэтлеемскую зорку. Кожны ўдзельнік вячэры мае пакаштаваць кожную страву, але пачаць належыць з аплаткі (ад лац. «oblatum» – ахвярны дар), якую ламаюць на кавалкі ды адорваюць родных пры стале. Аплатка – гэта сімвал Хрыста, «нябеснага Хлеба», што наталяе духоўны голад людзей. Затым усе па лыжцы чэрпаюць з міскі куццю, традыцыйную страву з крупяной кашы. У паўночна-заходняй Беларусі куццю звычайна робяць з аўсянкі ды называюць «белым кісялём».
{movie}”Ля Бэтлеем поле спіць”|right|13909{/movie}
У Святы вечар сямейнікі звычайна дораць адно аднаму падарункі, згадваючы, што сам Бог праз сваё ўцелаўленне даў людзям найвялікшы дар – самога сябе. Святочныя падарункі – гэта і згадка пра трох каралёў-мудрацоў, якія падаравалі Ісусу золата як уладару, ладан як Богу і міру як чалавеку.

Напрыканцы вячэры ўся сям’я спявае калядкі – песні пра нараджэнне Хрыста. Шмат якія калядкі на беларускай мове нагадваюць калыханкі, якія вернікі спяваюць малому Езусу. Само ж свята ў беларускай традыцыі называецца Каляды. Як шмат хто мяркуе, слова гэта надзвычай старажытнае. «Календы» (Calendae) на лацінскай мове абазначалі першы дзень кожнага месяца ў старажытным Рыме. Адсюль жа і сучасны «каляндар».
{movie}Калядка “Ночка ціхая, зарыста”|right|13905{/movie}
Кульмінацыяй вечару мае стаць удзел у імшы, якую адпраўляюць у касцёле з надыходам ночы. Гэтая імша называецца Пастэркаю – ад лацінскага слова «pastor» (пастух). Першымі ж людзьмі, якім анёлы абвесцілі навіну пра нараджэнне Збаўцы, былі бэтлеемскія пастушкі.

Пасля імшы, выйшаўшы з касцёлу, некаторыя дзяўчаты раней жартаўліва пыталіся імёны першых спатканых мужчынаў. Лічылася, што першае імя, якое пачуюць, будзе мець і іхны будучы муж.

Шмат хто раней верыў, што ў Святы вечар адбываюцца цуды, жывёлы гавораць людскімі галасамі, а дрэвы пераходзяць з месца на месца.

«Белсат» жа зычыць усім, хто цяпер святкуе Каляды, цуду з’яднання ўсіх людзей, унутранага аднаўлення і добрага святочнага настрою.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu



Глядзі таксама
Каментары