«Аўтсайдары бываюць чэмпіёнамі». Міхалок – грамадскі лідар года


Лідар гурта «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок стаў лаўрэатам пятай штогадовай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», якую традыцыйна праводзіць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў.

Музыка стаў пераможцам у намінацыі «Грамадскі лідар года». Узнагароду замест яго атрымаў прэсавы сакратар гурта Дзмітрый Бескаравайны.

«Сам Міхалок заве гурт «Ляпіс Трубяцкі» «касмічным гуртам аўтсайдараў». Але, гледзячы на ўсё, аўтсайдары бываюць чэмпіёнамі», – заўважыў Бескаравайны.

Акрамя Міхалка назвалі яшчэ 8 чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці. Сёлета са спісу намінацыяў выкраслілі традыцыйныя «Рэгістрацыя года» і «Адмова года». Праўда, дадалі новыя: «Лапаць года» і «СМІ года».

«У 2013 годзе мы з радасцю сустракалі на волі Паўла Севярынца і Змітра Дашкевіча, але разам з тым змагаліся за тое, каб выйшлі і іншыя палітвязні, якія застаюцца за кратамі. Спрабавалі ўзрушыць грамадства, каб яно было не абыякавае да праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы. Урэшце, прапаноўвалі свае рашэнні гэтых праблемаў, прапаноўвалі змены ў заканадаўства, віталі, калі нашыя прапановы былі пачутыя і прынятыя. Але часцей змагаліся за тое, каб рэпрэсіўнае заканадаўства, якое абмяжоўвае нашы правы, не было прынятае», – адзначыў старшыня працоўнай групы асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Кампанія года – «Зробім лепш!»



Кампанія аб’яднала і стварыла пляцоўку для супрацы 27 НДА ва ўсёй краіне. У яе межах правялі дзясяткі імпрэзаў для больш як 5000 чалавек.

«Гэта была рэальная офлайнавая справа. Яна завяршылася велізарным фэстам у Менску, у клубе «Re:public», куды прыйшлі больш за тысячу чалавек. Мы рабілі жыццё людзей лепшым, і я спадзяюся, што гэта прынясе плён», – сказала інфармацыйная каардынатарка кампаніі «Зробім лепш» Анастасія Александровіч.

Новая ініцыятыва – курсы «Мова ці кава»

Узнагароду атрымала аўтарка і ініцыятарка праекту Кацярына Кібальчыч. Каб распрацаваць план працы з ахвотнымі вучыць мову, Кацярыне давялося хадзіць на курсы іўрыту.

«Цэлы год я прысвяціла практычнай беларусізацыі, якой ніколі не займалася. Нам трэба было сабраць каманду выкладчыкаў і распрацаваць нефармальную методыку выкладання беларускай мовы, бо яе проста не існавала. Каб падрыхтавацца, давялося хадзіць на курсы англійскай мовы і нават іўрыту. Гэта адзіная мова ў свеце, на якой пачалі размаўляць пасля 18 стагоддзяў. Цяпер на ёй размаўляюць 7 мільёнаў чалавек. Што будзе з курсамі далей? У мяне ёсць добрая навіна. З новага года іх будзе некалькі», – заўважыла Кацярына Кібальчыч.

Рэгіянальная падзея – народныя «свіныя бунты»

Людзі ва ўсёй краіне згуртаваліся супраць гвалтоўнага і незаконнага знішчэння тысячаў хатніх свіней у сотнях беларускіх вёсак.

Узнагароду атрымала Кацярына Музыкантава з вёскі Сумарокава Магілёўскага раёну. Кацярына асабліва дзякавала журналістам за тое, што дапамагалі адстойваць правы жыхароў: «Спадзяёмся, з вашаю дапамогаю праблема вырашыцца ў наступным годзе».

Месца года – пляцоўка «ЦЭХ»

На ёй паспелі прайсці выставы праекту 90s.by, «Еўрапейскае кафэ», у якіх паўдзельнічалі еўрапейскія навукоўцы і творцы.

Крэатыў года – PRацоўня сацыяльнай рэкламы і ўзвядзенне прыватнага помніка паўстанцам Каліноўскага

У намінацыі адразу два пераможцы. Вядоўца заўважыла: «Як кажа мой тата: «Ішлі ноздры ў ноздры». PRацоўню сацыяльнай рэкламы ўзнагародзілі за крэатыўную прамоцыю беларускіх грамадскіх арганізацыяў. Узнагароду атрымала Юлія Рымашэўская, але яна не змагла прыехаць. Словы ўдзячнасці ад яе імя агучыла Алена Кудленка.

Другі пераможца атрымаў узнагароду за ўсталяванне прыватнага помніка паўстанцам Каліноўскага ў Астравецкім раёне ў вёсцы Слабодка паблізу беларуска-літоўскай мяжы. Помнік усталяваў мецэнат Мікіта Забуда разам са сваімі паплечнікамі скульптарам Ігарам Засімовічам і краязнаўцам Алесем Юркойцем.

На ўручэнне прэміі спадар Мікіта прыехаць не змог, але прыехаў ягоны зямляк Мікалай Уласевіч і прывёз ліст ад пераможцы. «Я упэўнены, што змяніць сітуацыю ў Беларусі можна праз скульптурніцкую дзейнасць. І калі я гэта зразумеў, то адразу пачаў дзеяць у гэтым кірунку», – гаварылася ў лісце.

СМІ году – інтэрнэт-тэлебачанне TUT.BY



Узнагарода дасталася інтэрнэт-тэлебачанню TUT.BY як удалай пляцоўцы для абмеркавання грамадска значных тэмаў. Па ўзнагароду выйшла рэдактарка TUT.BY-ТВ Алена Андрэева.

Найлепшы сайт НДА – старонка праваабарончага цэнтру «Вясна».

Узнагароду атрымалі Сяргей Сыс і Ірына Пракопчык.



«Мы ведаем, што найбольш нас чытаюць журналісты, грамадскія актывісты і простыя людзі, якія патрапілі ў няпростую сітуацыю. І нашая задача – зрабіць так, каб нас чытала як мага больш простых людзей, каб тэма правоў чалавека была блізкая і ім», – сказалі прадстаўнікі старонкі.

«Лапаць года» – штраф арганізатарам велапрабегу «Стылягі на роварах»

Арганізатарцы велапрабегу Ірыне Бійнік давялося выплаціць штраф 2 мільёны рублёў. Ірына заўважыла, што ўжо прайшлі два суды, але штрафу пакуль не адмянілі.

Настасся Маланка, belsat.eu

Стужка навінаў