З чым звязаная раптоўная міласэрнасць Пуціна?


У Расеі працягваецца хваля амністыі. Удзельніца панк-гурта “Pussy Riot” Надзея Талаконнікава выйшла на волю следам за Марыяй Алёхінаю. Аналітыкі звязваюць раптоўную міласэрнасць Пуціна з ягоным жаданнем зняць напружанасць паміж Расеяй і Захадам перад Алімпіядаю ў Сочы. Увесну спаборніцтва сусветнага маштабу мае прыняць афіцыйны Менск. Ці магчымы падобны сцэнар для беларускіх палітвязняў?



Першыя хвіліны на волі – у блісканні фота- і тэлекамераў. Пасля амаль двух гадоў у калоніі ўдзельніцы гурта “Pussy Riot” Надзея Талаконнікава і Марыя Алёхіна выйшлі на свабоду.

{movie}Амністыя ў дзеянні|right|13904{/movie}

НАДЗЕЯ ТАЛАКОННІКАВА, ГУРТ «PUSSY RIOT»:

“Што датычыць мяне, то цяпер толькі ўсё пачынаецца. Нарэшце ў мяне з’явілася хоць трохі магчымасцяў для дзеяння. Уласна, яны ніколі цалкам і не знікалі, бо мяжа паміж свабодаю і несвабодаю вельмі вузкая, асабліва ў Расеі, аўтарытарнай дзяржаве”.



Дзяўчаты з гурта “Pussy Riot” былі асуджаныя летась у жніўні за панк-малебен “Багародзіца, Пуціна прагані”, праведзены ў Храме Хрыста Збаўцы. Пабачыўшы, як кажуць, сістэму знутры, цяпер актывісткі плануюць заняцца праваабарончаю дзейнасцю – сярод іншага, дапамогаю зняволеным.

МАРЫЯ АЛЁХІНА, ГУРТ «PUSSY RIOT»:

“Грамадская праваабарончая дзейнасць, якою я маю намер заняцца, будзе мець характар структуры, але метады, якімі мы будзем дзеяць, застануцца ранейшыя”.

Працаю дзеля вызвалення палітзняволеных збіраецца заняцца і Міхаіл Хадаркоўскі, які напярэдадні даў прэсавую канферэнцыю ў Берліне.

МІХАІЛ ХАДАРКОЎСКІ, БЫЛЫ КІРАЎНІК ЮКОСУ:

“Я вельмі спадзяюся, што палітыкі заходніх краінаў пры дачыненнях з прэзідэнтам Пуціным будуць памятаць, проста памятаць пра тое, што я не апошні палітзняволены ў Расеі”.



Пад амністыю, ініцыяваную Уладзімірам Пуціным, трапілі таксама шэраг абвінавачаных у Балотнай справе і актывісты “Грынпісу”.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АНАЛІТЫК:

“Гэта Пуцін падчышчае хвасты перад Алімпіядаю, каб не было гэтага адыёзнага фону, каб не кідалі ў яго камянёў. Ён бачыць, што правальваецца Алімпіяда, заходнія лідары адзін за адным адмаўляюцца, і тут ужо цяжка перайграць карэнным чынам, але каб усё ж такі не такі быў змрочны фон”.

Пра тое, што не прыедуць у Сочы, ужо заявілі кіраўнікі ЗША, Нямеччыны, Францыі, Польшчы і Літвы. На кардынальную ж змену дачыненняў з заходнім светам не спадзяюцца і ў Маскве.

АЛЯКСЕЙ ПУШКОЎ, КАМІТЭТ МІЖНАРОДНЫХ СПРАВАЎ ДЗЯРЖДУМЫ:

“Патэнцыял антырасейскай дзейнасці на Захадзе захоўваецца вельмі вялікі, але гэтым памілаваннем, гэтаю амністыяй здымаюцца некаторыя аспекты, якія выкарыстоўваліся супраць Расеі ў негатыўным рэчышчы”.



Налета амністыя хутчэй за ўсё будзе праведзеная і ў Беларусі, пра што днямі заявіў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, хоць і не ў звязку з чэмпіянатам свету па хакеі. Вось толькі ці трапяць пад яе палітзняволеныя?

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АНАЛІТЫК:

“Я думаю, што на сённяшні дзень сітуацыя для ўладаў яшчэ не такая крытычная, каб ісці на такія крокі. Тут шмат што будзе залежаць якраз ад таго, ці дамовіцца Лукашэнка пра нейкія пернікі ад Масквы”.



Менавіта эканамічны чыннік адыграе вырашальную ролю, лічыць аналітык. Калі б Лукашэнку былі важныя дачыненні з Захадам, вызваляць палітычных закладнікаў трэба было б перад віленскім самітам “Усходняга партнёрства”.

Вольга Кляўчэня, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў