Затрыманыя на акцыі «Стоп падатак»: Францкевіч – 12 дзён арышту, Глушко – 5


Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў да 12 содняў арышту былога палітвязня Аляксандра Францкевіча, затрыманага ўвечары 20 снежня на акцыі пратэсту аўтамабілістаў «Стоп падатак». Аўтамабіліста Канстанціна Глушко асудзілі да 5 содняў арышту.

Удзельнікі акцыі «Стоп падатак» 20 снежня замарудзілі рух на праспекце Незалежнасці ды гукавымі сігналамі выказвалі пратэст супраць увядзення платы на допуск аўтамабіля да дарожнага руху.

{movie}Як выглядала акцыя “Стоп-падатак” у Менску|right|13891{/movie}

Разам з Францкевічам на акцыі таксама затрымалі Насту Кухту і Насту Шатэрнік, якім прысудзілі штрафы па Br 650 тыс. і Br 1,3 млн адпаведна.

Справы яшчэ дваіх удзельнікаў акцыі сёння разглядаліся ў судзе Ленінскага раёну: аўтамабіліста Канстанціна Глушко асудзілі да 5 содняў арышту, справу ў дачыненні пасажыра ягонага аўтамабіля Андрэя Самохіна спынілі.

Усіх удзельнікаў акцыі судзілі па артыкуле за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях).

«Калі казаць пра самі затрыманні, то большасць з іх мы расцэньваем як адвольныя, – адначыла праваабаронца Наста Лойка. – То бок, яны не маюць ніякай падставы, тым больш нічога такога, каб трымаць людзей усе выходныя ў ізалятары, мы дакладна не бачым. І тое, што людзей так позна прывозяць у суды і пачынаюць судзіць, – безумоўна, непрыемныя з’явы, якім не павінна быць месца. І тое, што адвакат дастаткова вяла, прынамсі ў Ленінскім судзе, рэагуе на хадайніцтвы, звязаныя з дапрацоўваннем дакументаў, са спыненнем адміністратыўнага пераследу, сведчыць, што ёсць пэўная замова».

У гэтых справах шмат працэсуальных парушэнняў, заўважыла праваабаронца, звязаных, напрыклад, з тым, што нават калі кіроўца нешта парушыў, то да яго падышоў не працаўнік ДАІ ў форме, які адрэкамендаваўся, а чалавек у цывільным. Пасажыр жа, канстатуе спадарыня Лойка, увогуле не мог нічога парушаць і абвінавачанне з самага пачатку было абсурднае.

На думку праваабаронцы, пакаранне можа быць такога памеру, каб адстрашыць людзей ад удзелу ў наступнай акцыі «Стоп бензін», якая запланаваная на 27 снежня.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў