Хто вінаваты ў зверствах на Еўрамайдане? Украінцы даведаюцца прозвішчы


Да агульнага доступу маюць трапіць дакументы пра збіццё Еўрамайдану.

Акруговы адміністрацыйны суд Кіева разглядае справу датычна збіцця працаўнікамі «Беркута» мірных дэманстрантаў на Еўрамайдане ў ноч на 30 лістапада 2013 года.

Раней народны дэпутат Украіны Юрый Дзеравянка падаў пазоў супраць кіраўніка МУС Віталя Захарчанкі, каб дзеянні апошняга датычна разгону мітынгу ў Кіеве прызналі незаконнымі.

У межах разгляду пазову Акружны адміністратыўны суд абавязаў сёння МУС Украіны паказаць усе афіцыйныя дакументы, на падставе якіх спецпадраздзяленне «Беркут» і ўнутраныя войскі былі скіраваныя на разгон пратэстоўцаў у ноч з 29 на 30 лістапада на Майдане незалежнасці. Суд запатрабаваў таксама рапарты ўсіх працаўнікоў МУС, якія бралі ўдзел у разгоне, і матэрыялы правяранняў збіцця «беркутаўцамі» ўдзельнікаў мірнага сходу.

Рашэнне суда надзвычай важнае. Паводле яго, пазоўнік (Юрый Дзеравянка) зможа азнаёміцца з гэтымі дакументамі ды скапіяваць іх. Паводле ўкраінскага заканадаўства дакументы пра незаконныя дзеянні прадстаўнікоў улады можна апублікаваць у медыях або выставіць да агляду ў інтэрнэце. Гэткім чынам неўзабаве ўкраінскае грамадства зможа даведацца прозвішчы тых, хто аддаў загад разагнаць Майдан, і тых, хто беспасярэдне збіваў мітынгоўцаў.

Падчас сённяшніх слуханняў удзельнікі Еўрамайдану зладзілі пікет пад Акруговым адміністратыўным судом Кіева з патрабаваннем пакараць міністра Віталя Захарчанку.

РШ, belsat.eu

Стужка навінаў