Калядная елка напракат: для беларусаў гэта незразумелы бізнес


170 тыс. елак прадаюць сёлета перад Новым годам беларускія лясгасы. У ЗША і Еўропе набірае папулярнасць альтэрнатыва зрэзанаму дрэву – елка ў кадцы напракат. Беларусы не бачаць сэнсу ў гэткай паслузе і ўпэўненыя, што вырубка елак на Новы год – не праблема для экалогіі.

Хто не хоча адчуваць віны за знішчанае дрэва

«Мой бізнес для тых, хто не хоча адчуваць віны за знішчанае дрэва», – сказаў неяк Джон Фогел у інтэрв’ю амерыканскім медыям.

Ужо больш як 20 гадоў у ЗША дзейнічае кампанія «Original Living Christmas Tree Company», заснаваная Джонам Фогелам. Яна першай у ЗША пачала прапаноўваць калядныя елкі ў арэнду. Паводле сайту кампаніі, за $ 60–105 можна святкаваць Каляды з сапраўды жывым дрэвам. Пасля святаў ялінку можна пакінуць сабе і высадзіць у садзе ці вярнуць назад фірме, дзе яе зноў вернуць у адкрыты грунт – высадзяць у гарадскім парку ці ў лесе. Кампанія будуе сваю працу так, каб не загінула ніводнае дрэва.

«Мой бізнес для тых, хто не хоча адчуваць віны за знішчанае дрэва», – сказаў неяк Джон Фогел у інтэрв’ю амерыканскім медыям.

Амерыканская Нацыянальная асацыяцыя Калядных дрэваў (National Christmas Tree Association) з самага пачатку падтрымлівае ідэю Фогела, спасылаючыся на тое, што штучныя калядныя елкі – зусім не альтэрнатыва натуральным. Бо робяцца штучныя елкі з небяспечнага для навакольнага асяроддзя пластыку.

Набывае папулярнасць паслуга «Калядная елка ў арэнду» ў Еўропе. Можна ўзяць елку на пракат і ва Украіне ды Расеі.

Беларусы пра елку напракат: дорага, незразумела, не мае сэнсу

У Беларусі атрымалася знайсці адзіны гадавальнік раслінаў, што прапаноўвае елкі ў арэнду – «Зелянсад» у Калодзішчах пад Менскам. Працаўнік гадавальніку Віталь распавёў, што за $ 50 можна ўзяць сабе на святы елку вышынёю 1 м на 5–6 дзён. Пытанні наконт дастаўкі ды іншыя нюансы агаворваюцца пры замове. Наколькі папулярная гэтая паслуга ў беларусаў і што робяць з елкаю пасля вяртання ад кліента, Віталь распавесці не захацеў.

У іншых гадавальніках прапаноўваюць жывыя елкі ў кадках, якія можна высадзіць у сябе ў садзе. Але назад іх не забіраюць.

«Мы не бачым сэнсу ў такой паслузе, бо гэта будзе занадта дорага, – адзначылі ў гадавальніку раслінаў «Зялёны рай» у Магілёве. – Бо нам жа трэба завесці вам елку спачатку, потым забраць праз 5 дзён. Бо елка ў кадцы можа перабываць у закрытым памяшканні не больш за 5 дзён – потым яе трэба вынесці на свежае паветра, інакш яна загіне. Гэта могуць дазволіць сабе толькі жыхары катэджаў».

Апроч таго, у «Зялёным раі» адзначаюць, што шкада аддаваць елку ў арэнду, бо невядома, у якім стане яна вернецца. «Каб вырасціць елку да вышыні 1–1,5 м, патрэбна 15–20 гадоў. Гэта сродкі, высілкі. А потым аддаць яе – а хто ведае, чым там яе паліваць будуць, напрыклад?»

Але ў «Зялёным раі» можна купіць елачку ў кадцы і высадзіць на сваім надзеле. Ахвотных жа ўзяць елку напракат, паводле працаўнікоў гадавальніку, пакуль не было.

Эксперт: «Вырубка елак – гэта не праблема экалогіі»

Выкладчык сельскагаспадарчага каледжу ў Жылічах, аграном Ігар Ткачоў, які працаваў некаторы час у «Бабруйскзелянгасе» і сутыкаўся з рыхтаваннем калядных елак, адзначае, што не бачыць пільнай патрэбы ў елках у арэнду, бо іх вырубка не наносіць шкоды асяроддзю.

«Калі б у нас елку занеслі ў Чырвоную кнігу, то была б праблема і патрэба. А так, елак жа дастаткова. Да таго ж ёсць выпадкі, калі іх неабходна вырубаць – напрыклад, калі яны растуць пад высакавольтавымі лініямі», – адзначае аграном.

Спадар Ткачоў не верыць, што ў Беларусі бізнес арэнды і вяртання калядных елак у адкрыты грунт атрымае развіццё з прычыны беларускага менталітэту. «Тое, што ў амерыканцаў гэта сталася запатрабаваным, кажа аб адрозненні іхнай культуры ад нашай. У іх жа там і жывёлінаў абараняюць. У іх больш развітое экалагічнае мысленне».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў