З’явіўся першы ў гісторыі Ватыкану дакумент Папы Рымскага на беларускай мове


Папа Рымскі Францішак напісаў беларускай верніцы Ядвізе Пастэрнак.

Папа Рымскі Францішак напісаў беларускай верніцы Ядвізе Пастэрнак. «Спадарыні Ядвізе Пастэрнак з удзячнасцю за ўсё тое, што Вы зрабілі і робіце для Касцёлу. Прашу Вас маліцца за мяне. Няхай Пан Бог Вас благаславіць, а Багародзіца Вас аберагае. Францішак», – цытуе словы з ліста партал Сatholic.by.

Ядвіга Пастэрнак, дачка Віктара і Юзэфы, нарадзілася 6 красавіка 1927 года ў вёсцы Муляры за 35 км ад Вялейкі ды жыве ў гэтай вёсцы да сёння. Была 9-м дзіцем у глыбока рэлігійнай сям’і. Яе бацькі былі простымі вясковымі людзьмі, бацька краўцом, ад яго Ядвіга вучылася кравецкай справе і працавала ўсё жыццё швачкаю. Скончыла пачатковую школу, дзе навучылася чытаць і пісаць на польскай мове. У 7 гадоў пакалечыла нагу, разбіўшы калена, і гэтая хвароба адгукалася ўсё жыццё, стаўшы для яе сапраўдным крыжам. Замуж выйшла ў 58 гадоў за ўдаўца, адданага верніка, пабожнага чалавека, і пражыла з ім 9 гадоў.

У 1934 годзе ў суседняй вёсцы Дубава збудавалі капліцу, куды рэгулярна прыязджалі святары. Ядвіга ўспамінае, што кс. Хомскі прыязджаў з Вішнева канём, а кс. Пётр Война-Уранскі – матацыклам. Нягледзячы на калецтва, Ядвіга з 7-гадовага ўзросту наведвала гэтую капліцу, ішла пешкі, абапіраючыся на самаробныя мыліцы, часамі яе падвозілі вяскоўцы. Капліца праіснавала да 1963 года, пасля чаго як разабралі, перавезлі ў Іжу ды зрабілі з яе бальнічную кухню. Калі капліцу разбіралі, крыж скінулі з вежы, і ён, пагнуты, застаўся ляжаць на ўзгорку, на каплішчы. Па нейкім часе Ядвіга падабрала яго, прыклала намаганні, каб адрамантаваць, і зберагла да сёння. Калі ў Куранцы ў 2011 годзе з’явілася капліца, яна перадала яго туды.

Пасля вайны па святах Ядвіга хадзіла ў касцёл у Вішневе – аж за 18 км. Ідучы, яна вымярала адлегласці ад слупа да слупа і спынялася, каб адпачыць, пры гэтым мыліцамі мазоліла да крыві рукі. Найчасцей дабіралася ў Вішнева вечарам, начавала ў знаёмых і раніцаю ішла ў касцёл. Для тых, хто не меў магчымасці быць у касцёле, прыносіла аплаткі, асвечаныя велікодныя стравы ды ваду, хлеб святой Агаты. Дзяцей, якія жадалі прыняць камунію, кс. Юзаф Кісель, пробашч Вішнева пасля вайны, накіроўваў да Ядвігі Пастэрнак, якая іх рыхтавала. Яна ад рукі перапісвала катэхізіс і раздавала дзецям. Сама карысталася кніжачкамі, якія мела з дзяцінства, са школы сясцёр непакалянак, і якія захоўвае да сёння.

У 1970-х гадах пачаў ездзіць аўтобус па маршруце Маладзечна–Свір праз Муляры, і гэта дазволіла ёй ездзіць на імшу ў Шэметава, дзе служыў кс. Станіслаў Кучынскі.

Пачынаючы з 1949 года, Ядвіга разам з іншымі парафіянамі хадзіла на пахаванні, спявала, малілася, перад пахаваннем акрапляла асвечанаю вадою магілу. Гэта ў той час была адзіная магчымая хрысціянская форма пахавання. Яна маліліся за каталікоў і праваслаўных, за ўсіх, куды б яе ні запрашалі.

Пасля адкрыцця касцёлу ў Вялейцы Ядвіга пачала ездзіць туды і наведвае гэтую святыню дасюль.

У сябе, у вёсцы Муляры і акрузе, яна змагла сабраць людзей у супольнасць, якая праводзіла імшы, і перад вялікімі святамі зарганізавала душпастырскую візітацыю (каляду), апеку над састарэлымі ды хворымі – як па вёсках, так і ў доме-інтэрнаце ў вёсцы Іжа, служыла дапамогаю сем’ям у правядзенні каталіцкага пахавання.

У 1992 годзе ў вёсцы Муляры ўсталявалі крыж, які асвяціў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч. З гэтага часу дзень асвячэння крыжа 19 траўня адзначаецца як свята вёскі Муляры.

Папскі дакумент уручыў беларускай верніцы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцці падчас візіту ў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вялейцы 22 снежня.

Паводле catholic.by

Глядзі таксама
Каментары