Пра беларускі Дзень Волі распавядуць тэатры па ўсім свеце


Тэатральныя калектывы розных краінаў адмысловай акцыяй падтрымаюць беларусаў у іхным імкненні да свабоды і незалежнасці.

Гэта адбудзецца ў межах міжнароднага праекту «Тэатр беларускай мары» (Belarusian dream theater). Імёны драматургаў, якія прымуць у ім удзел, сталі вядомыя на гэтым тыдні. Іх абвесціў у Осла Нарвежскі Свабодны тэатр (Ensemble Free theater Norway, EFTN). Менавіта ягоны кіраўнік Брэндан МакКол і выступіў ініцыятарам праекту.

25 сакавіка 2014 года, калі беларуская апазіцыя традыцыйна адзначыць Дзень Волі, тэатральныя калектывы розных краінаў адначасова пакажуць кароткія інсцэнізацыі пра Беларусь. Іх убачаць гледачы ў Аўстраліі, Вугоршчыне, Даніі, Нямеччыне, Грэцыі, Грузіі, Італіі, Канадзе, Нарвегіі, Польшчы, ЗША (Каліфорніі, Нью-Ёрку і Вэрмонце), Украіне і, вядома, у Беларусі. Праект закліканы падтрымаць свабоду самавыяўлення ў Беларусі. Драматургі, рэжысёры ды акторы возьмуць удзел у праекце бясплатна.

Кароткія п’есы, прысвечаныя Беларусі, вельмі разнастайныя паводле стыляў, тэматыцы ды эстэтыцы, рэпрэзентаваліся для ўдзелу ў праекце 25 драматургамі. Яны разлічваюць, што «такая скаардынаваная культурная падзея павысіць цікавасць да Беларусі з боку міжнародных гледачоў, журналістаў і артыстаў».

Імпульсам для рэалізацыі «Тэатру беларускай мары» стаў асабісты і прафесійны досвед Брэндана МакКола. Тры гады таму ён супрацоўнічаў з беларускім «Свабодным тэатрам» – калектывам, які не мае магчымасці легальна працаваць на радзіме, выступае ў асноўным за мяжою, а ў Беларусі паказвае свае пастаноўкі падпольна. Пасля падзеяў 19 снежня 2010 года, калі мірную акцыю пратэсту ў Менску жорстка здушылі ўлады, МакКол працаваў валанцёрам у праваабарончых арганізацыях «Amnesty international» і Нарвежскі Хельсінскі камітэт (Norwegian Helsinki committee), актыўна выступаючы ў падтрыманне свабоды слова ў Беларусі.

У 2011 годзе ягоны артыкул «Калі тэатр – гэта “думказлачынства”», надрукаваны часопісам «Contemporary theatre review» (Брытанія), прызналі найлепшым на міжнародным конкурсе для журналістаў, што зарганізавала інфармацыйнае бюро «Салідарнасць з Беларуссю» (Варшава, Польшча).

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў