Як бацькі прывучаюць дзяцей святкаваць Каляды па-беларуску


Каляды і Новы год адзначаюць ува ўсім свеце. Але ў кожнага народу ёсць уласныя асаблівасці і традыцыі. Якія яны ў беларусаў? Сталічная галерэя “Ў” запрасіла дзяцей ды іхных бацькоў у свой калядны дом, каб разам спазнаць чароўны свет свята. А што канкрэтна падрыхтавала творчая група галерэі?



Перадкалядныя дні – час чакання цудаў, сюрпрызаў і падарункаў. Але можна не толькі чакаць, але і самым ствараць цуды! А дапаможа ў гэтым Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, якая ўжо чацвёрты год запар для дзетак ды іхных бацькоў ладзіць калядны фестываль.

{movie}Калядны фестываль для маленькіх|right|13881{/movie}

ІРЫНА ЛУКАШЭНКА, КААРДЫНАТАРКА ФЕСТЫВАЛЮ:

“Асноўная думка – гэта аб’яднаць бацькоў і дзяцей, а таксама навучыць нашых маленькіх удзельнікаў рабіць падарункі на гэтае свята сваімі рукамі, бо гэта сапраўдны цуд, калі ты ўкладваеш сваё шчасце, сваю душу”.

Пад кіраўніцтвам прафесійных мастакоў і дызайнераў малыя сваймі рукамі ствараюць непаўторныя паштоўкі, чароўныя елачкі, святочныя вяночкі, самаробныя нататнікі ў каляровых вокладках і фантастычныя калядныя маскі!

МАРГАРЫТА ЛАЗАРЭВІЧ, МАСТАЧКА:

“Усё гэта будзе з экалагічных матэрыялаў. Мы насушылі шмат памяранцаў, цынамону ды іншых падобных рэчаў і зрабілі вяночкі з лазы. Інакш кажучы, каб дзеці не выкарыстоўвалі ў сваіх вырабах ні пластмасы, ні нічога падобнага”.

Гэткі экалагічны і, галоўнае, адзіны такі ў свеце падарунак можна падарыць сваім блізкім – бацькам або сябрам.

УДЗЕЛЬНІКІ ФЕСТЫВАЛЮ:

“Я раблю хатнюю елачку”.

“Каляндар”.

“Шышачку”.

У сучасным глабалізаваным свеце, дзе ўніфікуюцца святы і знікаюць спрадвечныя традыцыі, важна паклапаціцца пра перадачу нацыянальных асаблівасцяў наступнаму пакаленню. Таму цэлыя сем’і гэтыя дні праводзяць у чароўным беларускім асяродку.

БАЦЬКІ ЎДЗЕЛЬНІКАЎ:

“Гэта адзінае такое месца, дзе аўтэнтычны Новы год беларускі святкуецца. Трэба дзяцей прывучаць. Па-першае, тут такая асаблівая супольнасць людзей, напэўна, заражаных, у добрым сэнсе гэтага слова, нацыянальнай ідэяй. І я лічу, што нашыя дзеці павінныя расці ў гэтай супольнасці”.

Сёння і заўтра маленькіх беларусаў яшчэ чакае жывое чытанне навагодняе казкі, вясёлыя спевы… ды розныя неспадзяванкі! Бо калядныя дні – час цудаў!

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў