“Беларусь лячэнню не паддаецца!”


Эксперты “Ліберальнага клубу” ператварыліся ў дактароў. І цягам усяго года яны выяўлялі сур’ёзныя хваробы беларускай палітыкі ды эканомікі. Пасля шэрагу праведзеных аналізаў маладыя адмыслоўцы ўрэшце ставяць дыягназ.

МІКІТА БЯЛЯЕЎ, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ», ЭКАНАМІСТ:

“На гэтай фінальнай імпрэзе мы прыходзім да высновы, што на гэтым этапе Беларусь лячэнню не паддаецца!”.

{movie}Цяжка хворая краіна|right|13878{/movie}

Праводзіць жа даследаванні, што прывялі да такой высновы, маладыя дактары-эканамісты пачалі з рэнтгену рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі.

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ», ЭКАНАМІСТ:

“Летась мы заўважылі ўнікальны феномен: рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі перастаў расці, у той час, калі раслі заробкі. Мы хацелі паглядзець, ці працягнецца такая тэндэнцыя і сёлета. Аднак яна не працягнулася”.

Што праўда, пакрысе электаральны рэйтынг кіраўніка дзяржавы працягваў расці. Гэтак, паводле даследаванняў НІСЭПД, сёлета ў сакавіку за Лукашэнку гатовыя былі прагаласаваць 33,4 % апытаных. Тры месяцы пазней гэтая лічба павялічылася да 37,3 %. У кастрычніку аддаць голас за Лукашэнку былі гатовыя больш за 42 % апытаных. У чым жа таямніца?

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ», ЭКАНАМІСТ:

“Звычайна мы бачым, што чым бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, тым больш шчодраю становіцца дзяржава: больш высокія заробкі і даходы. Мы бачым, што да выбараў яшчэ далёка дастаткова, але ўжо другі год запар грошы раздаюцца ў вельмі вялікім аб’ёме”.

Чаго не скажаш пра аб’ёмы прыбыткаў. Гэтак, замест планаваных 8,5 % прыросту ВУП дзяржава за апошнія 11 месяцаў атрымала менш за адзін – 0,9 %. Не ўдалося сёлета і разгрузіць склады прадпрыемстваў. Нягледзячы на жорсткія дзяржаўныя дырэктывы, узровень складскіх запасаў складае 73,1 % сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці. Самаю ж галоўнаю паразаю застаецца сёлетняе зніжэнне прыбыткаў ад экспарту.

АНТОН БОЛТАЧКА, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ», ЭКАНАМІСТ:

“Пасля леташняга допінгу ў постаці экспарту разбаўляльнікаў было кепска. Эканамічныя ўлады краіны шукалі іншай крыніцы, каб захаваць фінансавую стабільнасць у краіне, каб атрымаць дастаткова стабільны рост”.

Таму ў краіне пачалася сапраўдная гарачка вакол актывізацыі ўнутраных рынкаў, якую назвалі планам мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Справу ў свае рукі ўзяў сам кіраўнік краіны, які за невыкананне пастаўленых задачаў пагражаў чыноўнікам самымі цяжкімі пакараннямі. Аднак планы мадэрнізацыі сёлета фактычна праваліліся. Сам урад прызнае, што гэты працэс закрануў толькі 40 % прадпрыемстваў.

ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ», ЭКАНАМІСТ:

“Напрыканцы года мы назіраем нейкі крызіс улады кіравання ў краіне. Мы памятаем, як Аляксандр Лукашэнка сам прызнаў, што, паводле даследаванняў, адсотак выканання ягоных загадаў вельмі нізкі. На практыцы ён гэта пабачыў, калі прыехаў на “Барысаўдрэў”.



Якім будзе наступны год, пакуль прадбачыць цяжка, прызнаюцца эксперты.

АНТОН БОЛТАЧКА, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ», ЭКАНАМІСТ:

“Самым галоўным застаецца, якія крыніцы росту будуць у наступным годзе. Унутраныя крыніцы вычарпаныя. Застаюцца вонкавыя. Пытанне адкуль яны будуць брацца. Гэта могуць быць пазыкі, рост экспарту, прыватызацыя”.



Пакуль жа ўлады больш схільныя шукаць крэдыты, чымся шляхоў да рэформаў. І ўсё нагадвае сітуацыю цяжка хворага, які, нават не гледзячы на пагрозу для жыцця, адмаўляецца піць горкія лекі…

Ян Бабіцкі, “Аб’етыў”, belsat.eu

Стужка навінаў