Гарадзенскія Дзяды Марозы пастанавілі не напружвацца


Калі парад Дзядоў Марозаў і Снягурак сабраў сёлета некалькі сотняў навагодніх персанажаў, то на забег у навагодніх касцюмах не прыйшло і 20 асобаў.

Дзяды бегалі са спушчанымі бародамі.



Сёлетні навагодні забег на стадыёне ЦСК «Нёман» стаў пятым, юбілейным. Штогод на чале бегуноў былі Дзед Мароз і Снягурка. Гэтым жа разам медыі распаўсюдзілі інфармацыю пра сапраўднае касцюмаванае спаборніцтва. Але ж, як і ў папярэднія гады, большасць удзельнікаў прыйшлі ў звычайнай спартовай форме.

Зарэгістраваліся 163 асобы, хаця папярэдне разлічвалі, што возьмуць удзел з тры сотні спартоўцаў. А казачнымі героямі наважыліся апрануцца 19 чалавек. Прыбранымі ў паўнавартасныя касцюмы крыху з нацяжкаю можна было палічыць дзевяць асобаў – тры Дзяды, тры Снягуркі ды тры Гномы. Што праўда, Дзяды прыспусцілі свае бароды, каб было чым дыхаць падчас бегу. Астатнія героі, пераважна дзеці, мелі на сабе толькі элементы касцюмаў – капелюшы ды бароды.

Начальнік аддзелу спорту ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкаму Андрэй Бойша не змог папярэдне сказаць, колькі будзе касцюмаваных герояў: «Мы іх не рэгіструем, хто прыйдзе, той і возьме ўдзел. Думаю, гэта аматары, пераважна дзеці».

Кубак – узнагарода за бег у касцюме

На пытанне, чаму вы прымаеце ўдзел у спаборніцтве, адна са Снягурак адказала, што яна супрацоўніца стадыёну ды бярэ ўдзел не ўпершыню.

Яшчэ адна ўдзельніца ў звычайнай спартовай форме Наталля (39 гадоў) жартам паабяцала, што дапрацуе наступным разам свой касцюм. Яна распавяла, што бярэ ўдзел у пераднавагодніх забегах з пачатку.

Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкаму Алег Андрэйчык разам з жонкаю прымалі ўдзел у забегу. Дарэчы, яны сталыя ўдзельнікі шматлікіх спаборніцтваў рознага ўзроўню.

Спартоўцы-аматары ў касцюмах адолелі на хуткасць 400 метраў. Найлепшымі сталі Гном (Яўген Венгер, 17 гадоў, мае спартовы разрад) і Снягурка (Вікторыя Чаеўская, 16 гадоў) з Іўеўскага раёну. За сваю перамогу Яўген і Віка атрымалі кубкі з выяваю Дзеда Мароза.

Дзяды Марозы з Літвы не змаглі мінуць мяжы

Удзельнікі ў звычайных спартовых касцюмах спаборнічалі на дыстанцыі 4 кіламетры. У спаборніцтве ўзялі ўдзел не толькі грамадзяне Беларусі, але і некалькі асобаў з Беластоку. Літоўцы, як паведаміў Андрэй Бойша, не змаглі мінуць мяжы. Ахвотныя змагаліся за перамогу ў 9-ці ўзроставых групах. Наймаладзейшаму бегуну са Слоніму было 10 гадоў, а найстарэйшаму з Жодзіна – ажно 79.

Абсалютныя пераможцы забегу (асобна мужчыны ды жанчыны) атрымалі як узнагароду медалі ды Br 2 млн, Br 1,5 млн і Br 1 млн за першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. Пераможцаў у сваёй катэгорыі ўзнагародзілі прызамі ў памеры Br 200–400 тыс.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў