Дарадца першага прэзідэнта Украіны: «Апазіцыя кастрыруе прэм’ера»


Вядомы палітычны дзеяч, эканаміст і былы дарадца Леаніда Краўчука – Алег Саскін – пра тое, як абанкруцілася Украіна, хто «крышаваў» Януковіча і што чакае цяперашняга ўкраінскага прэм’ера.

Юрась Высоцкі: Украінскія медыі апошнім часам стракацяць загалоўкамі пра дэфолт Украіны. Ці сапраўды ўкраінская эканоміка аказалася ў глыбокай яміне і хто ў гэтым вінаваты?

Алег Саскін: Украіна – не проста на мяжы дэфолту, па сутнасці, мы ўжо абанкруціліся. Цяпер можна казаць пра суверэнны дэфолт, калі Украіна не ў стане выплочваць сваіх крэдытных запазычанасцяў. На сённяшні дзень яны складаюць амаль $ 70 млрд. І вінаватая ў гэтым цяперашняя ўлада. З таго моманту, як Януковіч заняў сваё крэсла, дзяржзапазычанасць вырасла на $ 40 млрд. Краіна не ў стане несці крэдытнае ярмо. Больш за тое, мы не можам нават сплочваць адсоткаў па крэдытах.

ЮВ: Дзе пракалолася кіроўная эліта? Адкуль растуць ногі ўкраінскага дэфолту?

АС: «Партыя рэгіёнаў» не пайшла на правядзенне неабходных рэформаў. Справа мадэрнізацыі пенсійнай і падатковай сістэмаў не рушыла далей за абяцанні. Законы, якія мусілі паправіць сітуацыю ў гэтых сферах, толькі пагоршылі яе. У выніку сярэдні клас быў проста знішчаны. Уласна кажучы, Майдан – гэта рэакцыя сярэдняга класу і моладзі, інтэлігенцыі на бяздарную палітыку ўраду, пахаваную перспектыву, на закрытыя дзверы ў будучыню. Людзі адчуваюць, што іх хочуць зрабіць парабкамі, якія будуць працаваць на казнакрадаў мільярдэраў. Эканамічны складнік пратэсту тут самы важны. Людзі апынуліся перад выбарам: або ты раб, або вымушаны эмігрант.

ЮВ: Атрымліваецца, улада не толькі не выконвае сваіх абяцанняў, не праводзячы рэформаў належным чынам, а яшчэ і вешае ўкраінцам локшыну на вушы.

АС: Улада займаецца сацыяльным папулізмам. Украіна жыве не па сродках і траціць бюджэт на сацыяльна паразітычныя патрэбы: падтрымлівае нерэнтабельныя прадпрыемствы, датуе бедныя пласты насельніцтва і гэтак далей. Наш пенсійны фонд – банкрут. 14 мільёнаў пенсіянераў жывуць на мізэрныя грошы. Мінімальная пенсія складае каля € 100. Яе атрымлівае кожны другі ўкраінскі пенсіянер. Але нават гэтыя грошы не выплочваюць, бо іх проста няма. Пенсійны фонд узяў камерцыйныя крэдыты праз Нацбанк, каб мець магчымасць выплаціць людзям гэтыя капейкі. Прасцей кажучы, надрукавалі грошай і заткнулі рот пенсіянерам і бюджэтнікам.

ЮВ: Пакуль на Майдане выгукваюць лозунгі за еўраінтэграцыю Украіны, Віктар Януковіч паспеў сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і атрымаць фінансавае падтрыманне у выглядзе крэдытнай лініі на $ 15 млрд.

АС: Ніхто Януковічу грошай не даў. Пуцін набывае на правах камерцыйнага крэдыту пазыкавыя запазычанасці Украіны. І хто ўвогуле даў права Пуціну прымаць рашэнні набыць гэтыя запазычанасці? Украінская запазычанасць адносіцца да катэгорыі вартасных папераў гэтак званай «смеццевай ямы».

ЮВ: Гэта значыць, што Крэмль вырашыў за грошы расейскіх падаткаплацельнікаў падтрымаць абанкручаную ўкраінскую эканоміку?

АС: Не проста за грошы расейскіх падаткаплацельнікаў. Гэтыя грошы будуць выдзяляцца з расейскага фонду будучых пакаленняў. Крэмль раскідваецца нацыянальным багаццем. Пуцін аддае чужой дзяржаве, якая дэ факта банкрут, $ 15 млрд. Пры гэтым у Расеі таксама дэфіцытны бюджэт. А на шыі ў Крамля яшчэ Арменія, Каўказ, Беларусь.

ЮВ: Паводле Вас, Украіна – на мяжы фінансавай катастрофы. І што ў гэтай сітуацыі мусіць рабіць украінскі прэм’ер Мікалай Азараў?

АС: Азараў – што ёсць, што няма. Хутка яму споўніцца 66. Ён – пенсіянер. І ўвогуле мусіць сысці ў адстаўку як галоўны віноўнік украінскай эканамічнай катастрофы. А яшчэ лепш – збегчы з Украіны, бо, калі ён трапіць у рукі апазіцыі, яго проста кастрыруюць.

ЮВ: Ёсць нейкія аб’ектыўныя прычыны такога глыбокага эканамічнага крызісу?

АС:
Аб’ектыўныя прычыны ёсць заўсёды – другая хваля сусветнага эканамічнага крызісу, але ў гэтых умовах Аўстрыя, Швейцарыя, скандынаўскія краіны, Польшча, Чэхія даюць рады. Я лічу, што віна за магчымы абвал нацыянальнай валюты Украіны цалкам ляжыць на дзейным урадзе. Нашую краіну чакае нявыплата заробкаў, прыпыненне працы часткі прадпрыемстваў. За тры гады кіравання Януковіча мы згубілі 18 млрд. золатавалютавых запасаў.

ЮВ: І да чаго гэта можа прывесці?

АС: Невядома, ці ўвогуле застанецца ў нас нацыянальная эканоміка, нацыянальная валюта. Гэта – не жарты. Ідзе размова пра крах дзяржавы.

ЮВ: Што цяпер патрэбнае Украіне?

АС: Украіне патрэбнае пераладаванне. Трэба прыбраць ад дзяржаўнага стырна Партыю рэгіёнаў. Трэба пераходзіць ад мадэлі «стацыянарнага бандыта», якую збудаваў Януковіч разам са сваім кланам, да мадэлі народнага капіталізму. Трэба рабіць стаўку на дробны і сярэдні бізнес.

ЮВ: А што чакае ўкраінскіх алігархаў?

АС: Апошні ваяж Януковіча ў Маскву прывядзе да аслаблення алігархічных груповак, якія калісьці заінвеставалі ў яго прыход да ўлады. Расея перадае сярэднеазіяцкія газавыя кантракты сыну Януковіча і новаму ўкраінскаму газаваму алігарху Сяргею Курчэнка. Алігархічная групоўка Змітра Фірташа, які падпісаў эксклюзіўныя кантракты на імпарт туркменскага газу ва Украіну, губляе свой уплыў. Вось так Януковіч аддзякаваў яму за падтрыманне падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе. Гэта вельмі нагадвае рашэнне паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына, які пакараў смерцю свайго дзядзьку, каб пазбавіцца ад палітычнага канкурэнта. Пазней пасыплюцца іншыя алігархі. Напрыклад, уладальнік фінансава-прамысловай групы «System Capital Management» Рынат Ахметаў, якому ЗША ўжо паставілі ўльтыматум: або з намі, або з Януковічам. Калі ён выбера Януковіча, той раней ці пазней пусціць яго на расходны матэрыял. За падтрыманне Януковіча ўкраінскія алігархі заплоцяць сваймі грашыма і крывёю.

ЮВ: Чаму Пуцін падтрымлівае Януковіча?

АС:
Крамлю выгадны такі прэзідэнт Украіны. Масква хоча аслабіць, а пасля растаптаць Украіну. Пуціну непатрэбная дэмакратычная, свабодная Украіна. Расея – гэта таталітарна-дыктатарская, кэдэбісцкая краіна, якая душыць свой народ. Перамога рэвалюцыі ў Кіеве – пагроза Маскве. У Пуціна – максімум 16 % падтрымання ў сталіцы. Перамога ва Украіне прынясе змену ўлады і ў Расеі. І, безумоўна, Пуцін баіцца гэтага. Менавіта таму падтрымлівае бандытаў і мярзотнікаў, якія цяпер кіруюць Украінаю.

Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары