Акцыя «Стоп-падатак» у Менску сабрала сотні аўтамабілістаў, ёсць затрыманні


На сталічным праспекце Незалежнасці сігналілі аўты, а людзі пляскалі ў далоні. Менскія аўтамабілісты пратэстуюць супраць увядзення новай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.

{movie}Акцыя “СТОП-падатак” у Менску (20.12.2013) |right|13873{/movie}

Міліцыя затрымала кіроўцу аўтамабіля ў цэнтры гораду, які заблакаваў рух на скрыжаванні вуліцы Янкі Купалы і праспекту Незалежнасці. Яна запатрабавала вызваліць праезд і адагнаць машыну, аднак кіроўца працягваў стаяць з уключанаю аварыйнаю сігналізацыяй. Працаўнікі патрульна-паставой службы выклікалі нарад. Міліцыянеры, якія прыехалі на месца, затрымалі пасажыра машыны, які аказаў ім супраціўленне. З выкарыстаннем сілы яго зацягнулі ў міліцэйскае аўта. Кіроўцу прапанавалі адагнаць аўтамабіль. Ён сеў за руль, закрыўся ў машыне і працягваў сігналіць. Міліцыянты некалькі хвілінаў беспаспяхова спрабавалі адкрыць машыну. За яго ўступіліся некалькі мінакоў. У выніку кіроўцу ўсё ж выцягнулі з машыны і таксама сілаю заштурхнулі ў міліцэйскі УАЗік. Затрыманне суправаджалася ягонымі крыкамі: «За што!?» Пры гэтым распараджэнні міліцыянтам і працаўнікам ДАІ падчас затрымання аддавалі людзі ў цывільным. Апусцелую машыну эвакуявалі.

{movie}Пратэст аўтаўладальнікаў|right|13868{/movie}

Удзельнікі акцыі таксама спрабавалі блакаваць рух на праспекце ў раёне рэстарану «МакДоналдс». Спецназ заблакаваў выхад на праезную частку паміж Палацам Рэспублікі ды «МакДоналдсам». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, быў перакрыты выхад са станцыі метро «Кастрычніцкая». Туды падагналі аўтазак. Шмат якія мінакі, што былі ў гэты вечар на праспекце, падтрымлівалі ўдзельнікаў акцыі апладысментамі ды жэстам «ваікторыя».

Стала вядома пра затрыманне ў раёне плошчы Перамогі траіх асобаў, якія вялі відэаздымку акцыі. Сярод іх – анархіст Аляксандр Францкевіч, які выйшаў 3 верасня на волю.

Сотні аўтамабілістаў падтрымалі акцыю, якая пачалася а 18 гадзіне. Гэтак, у раёне плошчы Незалежнасці машыны павольна рухаліся, шмат якія бесперапынна сігналілі.

Сігналілі аўтамабілі амаль на ўсім працягу праспекту ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі. Уздоўж усяго праспекту знаходзіліся ўзмоцненыя нарады ДАІ. Па краі дарогі стаялі людзі ў цывільным з рацыямі, а таксама працаўнікі міліцыі, якія вялі відэаздымку аўтамабіляў, што рухаліся па праспекце.

Працаўнікі ДАІ выбарачна спынялі ўдзельнікаў акцыі, патрабавалі адагнаць машыны з праспекту. З’езды на праспект з некаторых прылеглых вуліц перакрылі для праезду аўтамабіляў.

Увядзенне мыта ўжо ўхвалілі Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Яе памер складзе ад 3 да 25 базавых велічынь (цяпер гэта ад Br 390 тыс. да Br 3 млн. 250 тыс.), у тым ліку для фізічных асобаў на легкавыя аўтамабілі – ад 3 да 10 базавых велічынь (ад Br 390 тыс. да Br 1,3 млн.). Прадугледжаная самастойная выплата мыта да моманту праходжання тэхагляду. Запланаваныя даходы ад збірання мыта складуць Br 1,6 трлн. Гэтыя сродкі будуць размеркаваныя пароўну паміж рэспубліканскім і мясцовымі бюджэтамі ды накіраваныя на рамонт і будаўніцтва аўтадарог.

Апошнія некалькі дзён у сацсетках з’яўляліся заклікі да аўтамабілістаў правесці вечарам у пятніцу на плошчы Незалежнасці ў Менску акцыю супраць увядзення мытаў.

belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў