Шлях святла: як агонь падарожнічае з Бэтлеему ў Беларусь


Агонь з Бэтлеему даехаў да Горадні. З абласнога памежнага цэнтру полымя падоўжыць свой шлях па ўсёй краіне і за яе межы.

Бэтлеемскі агонь запалaе ў Гарадзенскай катэдры



На польска-беларускай мяжы жыватворны агонь з польскага боку перанялі беларускія харцэры і скаўты з Расеі. Згодна з традыцыяй агонь з адной краіны ў іншую перадаюць менавіта на мяжы. Сёння пасля ўрачыстае цырымоніі перадачы з удзелам амбасадараў, памежнікаў, мытнікаў, каталіцкага і праваслаўнага духавенства харцэры запалілі свае лампадкі ды павезлі іх у Горадню. «Мяжа мусіць нас не толькі раздзяляць, але і аб’ядноўваць», – зазначыў камендант на мяжы падчас перадачы агню і сказаў святочныя пажаданні ў сувязі з каляднымі святамі.

З мяжы агонь адвезлі ў польскае консульства ў Горадні, дзе ад бэтлеемскага полымя запалілі ліхтарык. Харцэрскія дружыны традыцыйна падзяліліся перадсвяточнаю аплаткаю з прадстаўнікамі консульства і пажадалі ім супакою, росквіту і здароўя.

Нарэшце жыватворнае полымя занеслі ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя, дзе пробашч кс. Ян Кучынскі будзе захоўваць яго аж да вечара. Падчас Святой Імшы, якую адслужыў гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч а 17 гадзіне, харцэры ўрачыста занеслі агонь на алтар. Пасля набажэнства вернікі запалілі свае свечкі ад Бэтлеемскага агню, каб занесці ў свае хаты ці самотным і хворым суседзям.

Старшыня кіраўніцтва рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Харцэрства» Марына Юхно распавяла, што харцэры развязуць агонь па мястэчках Гарадзенскае вобласці ды па-за яе межы. Гэтак Бэтлеемскае святло паедзе ў Сапоцкін, Парэчча, Азёры, Шчучын, Ліду, Ваўкавыск, Рось, Шылавічы, Слонім, Смаргонь, а таксама ў Баранавічы Берасцейскае вобласці. Расейскія скаўты завязуць агонь да сябе на радзіму, а па дарозе пакінуць яго яшчэ ў беларускай сталіцы і Лельчыцах Гомельскай вобласці.

Хоць агонь афіцыйна прыбывае да вернікаў Касцёлу, харцэры развозяць яго і па праваслаўных цэрквах, шпіталях, дзіцячых прытулках, дамах састарэлых. Падлеткі самі дамаўляліся з прадстаўнікамі тых установаў, куды яны завязуць святло.

Спадарыня Юхно патлумачыла, што харцэрства найбольш развітое менавіта ў Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях, таму найбольш ліхтарыкаў пазастаецца ў гэтых рэгіёнах. Сёлета берасцейскія харцэры асобна ад гарадзенскіх вырашылі пераняць агонь у польскім горадзе Бяла-Падляска і распаўсюдзіць па сваёй вобласці.

Чаму агонь не гасне ў доўгай дарозе?

Харцэрская лідарка Марына Юхно распавяла, што харцэры ў дарозе адмыслова пільнуюць, каб агонь не згас. На ўсялякі выпадак святло перавозяць адразу некалькі асобаў, кожны з якіх запальвае свой агеньчык. У дарозе выкарыстоўваюцца не проста свечкі, а лампадкі з накрыўкамі. Спадарыня Марына прызналася: здаралася і так, што агонь трэба было згасіць і запаліць ізноў (ужо сваймі запалкамі), калі, напрыклад, у беларускім цягніку забаранялі везці агонь, ад якога мог запаліцца вагон.

Старшыня харцэраў мяркуе, што такі ўчынак не парушае паслядоўнасці перадачы агню, хоць адначасова прыкладаюцца мажлівыя намаганні, каб святло не згасала.

Паводле спадарыні Марыны, бэтлеемскі агонь – гэта сімвал надзеі, цяпла і любові, які аб’ядноўвае шмат краінаў свету. Перад тым, як трапіць у Беларусь, агонь з нязгаснага вогнішча ў Бэтлееме, месцы нараджэння Ісуса Хрыста, трапіў у Вену, куды яго прывезлі аўстрыйскія харцэры. А з Аўстрыі святло падарожнічае па ўсіх еўрапейскіх краінах.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў