Новы выгляд вакзалу ў Берасці: беларуская мова, савецкая сімволіка і бясплатны інтэрнэт (фота)


Галоўны будынак аднаго з найстарэйшых вакзалаў Беларусі, што працуе з 1886 года, зноў урачыста адчынілі ў Берасці пасля рэканструкцыі.



Рэканструкцыя берасцейскага вакзалу пачалася ў 2008 годзе, аднак цалкам скончыць рамонтныя працы плануюць да 1 траўня наступнага года, каб паспець да пачатку чэмпіянату свету па хакеі ды паказаць гасцям, «што Беларусь – краіна сусветнага класу», як сказаў на адкрыцці першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Уладзімір Міхайлюк.

Адноўлены вакзал выглядае сапраўды шыкоўна, як кажуць у народзе, «па багатаму». Апрача ўладкаванай залы чакання на 240 месцаў ёсць і адмысловая зала падвышанай камфортавасці для 50 чалавек. Тут ёсць бясплатная прыбіральня, дзяржаўныя газеты, працуе тэлевізар (тры гадзіны перабывання ў зале каштуюць Br 26 тыс., а кожная наступная – Br 9 тыс.).

У памяшканні вакзалу абсталявалі гатэль, месца для дзелавых сустрэчаў, абнавілі бар (куды журналістаў не пусцілі, сказаўшы, што ім пакуль там няма чаго рабіць) і бістро, з якога прыбралі алкаголь, але, здаецца, пакінулі савецкі сервіс.

Тэрмін перабудовы вакзалу складаў 37 месяцаў, але аб’ект здалі на 10 месяцаў раней. Як гэта адаб’ецца на якасці выкананых працаў, будзе відаць пазней.

Усе шыльды і ўказальнікі на вакзале падпісаны па-беларуску і па-англійску. Праўда, на беларускамоўным табло расклад цягнікоў пішацца па-расейску. Падчас рэканструкцыі будынку захавалі савецкую сімволіку: пяціканцовыя зоркі, сцягі, сярпы ды молаты на ляпніне (гэтыя сімвалы можна сустрэць і ўнутры вакзалу). Пакінулі зорку і на цэнтральным шпілі.

Не забыліся пра людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі – у будынку для іх абсталявалі асобную залу чакання на 6 месцаў, санвузел і пакоі адпачынку. Але зноў парадокс: самастойна трапіць на тэрыторыю вакзалу з гораду для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі амаль не магчыма, бо з усіх бакоў вакзал атачаюць высокія масты без пандусаў. Адзінае выйсце – прыехаць на аўтамабілі.

Прыемны сюрпрыз: у залах ёсць бясплатны бяздротавы інтэрнэт. Такога няма, бадай, ні на адным беларускім вакзале. На пляцоўцы перад вакзалам зрабілі стаянку на 85 аўтамабіляў, плануюць пабудаваць яшчэ дзве – агулам на 186 месцаў. Для гэтага ўжо руйнуюць дамы, жыхароў якіх адсялілі яшчэ да рэканструкцыі.

Пераабсталяваць на берасцейскім вакзале засталося толькі білетныя касы і варшаўскі бок, куды цягнікі прыязджаюць з-за мяжы. Будоўля там распачалася яшчэ ў 2011 годзе, і ўжо сёння бачна, што зрабілі шмат, будаўнікі маюць скончыць у тэрмін.

Перабудова вакзалу ў Берасці вядзецца за кошт сродкаў Беларускай чыгункі, агулам ўвесь праект на цяперашні момант каштаваў Br 340 млрд рублёў. Паводле першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Міхайлюка, Берасцейскі вакзал заслугоўвае такіх інвестыцыяў, бо ў колькасці пасажыраў ён саступае толькі сталічнаму. Штосодні вакзал прымае і адпраўляе больш за 11 тыс. пасажыраў. Толькі за 10 месяцаў 2013 года праз яго прайшлі каля 3,5 млн чалавек, у тым ліку 500 тыс. пасажыраў, якія ехалі за мяжу або вярталіся адтуль на радзіму.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Стужка навінаў