Крывыя люстэркі Пуціна і Януковіча


Як прадставілі сітуацыю ў Кіеве прэзідэнты Расеі і Украіны? На пытанні журналістаў яны адказвалі ў адзін час, але ў розных месцах і не маглі чуць адзін аднога.

Паралельна ў Маскве і Кіеве кіраўнікі Расеі ды Украіны адказвалі на пытанні журналістаў.

Пуцін: Прашу не вінаваціць Расею

$ 15 млрд, якія Расея прапанавала Украіне ў выглядзе камерцыйнага крэдыту, пойдуць на выплату пенсіяў, заробкаў і сацыяльных дапамог для ўкраінскіх грамадзянаў. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве заявіў расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

«Так, гэта падтрыманне ўкраінскай эканомікі і ўкраінскага народу», – сказаў Пуцін.

Асноўны электарат Януковіча складаецца менавіта з пенсіянераў і бюджэтнікаў. Расейскі крэдыт мае падтрымаць менавіта гэтыя катэгорыі насельніцтва, што мае вялікае значэнне перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015-га года.

Зніжэнне цаны на газ для Украіны, паводле Пуціна, – часовае: «Гэтае рашэнне носіць часовы характар. Гэта дадатак (да кантракту), і мы разлічваем на тое, што нам удасца знайсці нейкія развязанні доўгатэрміновага характару, якія дазволяць захаваць гэтую цану».

Што ж да палітычнай сітуацыі ўва Украіне, то кіраўнік расейскай дзяржавы просіць не вінаваціць Расею ў тым, што Віктар Януковіч адмовіўся падпісваць Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам. «Калі хтосьці кажа, што ва ўкраінскага народу скралі еўрапейскую мару, то мы да гэтага не маем ніякага дачынення. Гэта выбар легітымных уладаў – уступаць у нейкі звяз ці не ўступаць, падпісваць нейкія дакументы ці не падпісваць», – падкрэсліў расейскі прэзідэнт.

Януковіч: Ува ўкраінскім крызісе часткова вінаватая Расея

Украінскі лідар Віктар Януковіч пацвердзіў, што ўкраінская эканоміка сапраўды застаецца ў крызісным стане і часткова абвінаваціў у гэтым Расею. «Высокая цана на газ была адною з прычынаў, якая стварала ўмовы эканамічнага крызісу. Другое – гэта крэдыты 2008–2009 гадоў, якія атрымаў урад ад МВФ», – сказаў Януковіч. Трэцяю прычынаю крызісу ўкраінскі прэзідэнт лічыць «значнае зніжэнне тавараабароту са стратэгічнымі партнёрамі, і перш за ўсё, з Расеяй».

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны ўпэўнены, што цана на газ будзе мяняцца выключна з прычыны змены кошту на нафту і не будзе залежаць ад «палітычнага фактару». «Яна цалкам залежыць ад цаны на нафтапрадукты. Калі, напрыклад, цана на нафту знізіцца, то цана на газ таксама апусціцца ніжэй за $ 268,5. Таму мы запісалі, што кошт можа пераглядацца штоквартальна», – гэтак Януковіч патлумачыў свае дамоўленасці з Пуціным украінскім журналістам .

Януковіч катэгарычна супраць таго, каб ува Украіну прыязджалі замежныя палітыкі ды «вучылі жыць». «Вельмі важна, каб у нашы ўнутраныя пытанні не ўмешваліся ніякія краіны. І не лічылі, што яны тут могуць гаспадарыць, як заўгодна, – на Майдане або не на Майдане, – заявіў Януковіч. – Я катэгарычна супраць таго, каб хтосьці прыязджаў да нас у краіну і вучыў нас, як нам тут жыць».

Віктар Януковіч паабяцаў не браць удзелу ў наступных прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе, калі ў яго будзе нізкі рэйтынг падтрымання. «Калі я ўбачу, што ў мяне ёсць перспектывы і што мне дадуць магчымасць людзі працягнуць гэтую працу, толькі тады я прыму рашэнне. Калі ў мяне, умоўна кажучы, рэйтынг будзе невялікім, і не будзе перспектывы, я не буду перашкаджаць краіне развівацца», – сказаў Януковіч.

РС, belsat.eu, паводле unian.net, pravda.com.ua

Стужка навінаў