Як выйшлі на шлях да волі, а трапілі за краты. Плошча-2010 у фільмах «Белсату»


Падзеі 19 снежня 2010 года ў Менску падзялілі жыццё беларускага грамадства на «да» і «пасля».

Зняважаныя нахабна скрадзенымі ў іх галасамі на прэзідэнцкіх выбарах, дзясяткі тысяч беларусаў 19 снежня 2010 года рушылі па цэнтральным праспекце сталіцы мірнаю дэманстрацыяй пратэсту.

Яны, якім надакучыла жыць у хлусні, думалі, што ідуць да Волі. Аднак на Плошчы іх сустрэла сцяна спецназаўцаў з дручкамі і шчытамі ды цуг аўтазакаў. Для больш як 700 чалавек вынікам таго паходу сталі збіццё, арышты, штрафы. А некалькі дзясяткаў чалавек шлях да Волі прывёў за краты – на доўгія месяцы.

{movie}Дакументальны фільм “Даволі! Да Волі!”. Фільматэка “Белсату” |right|13840{/movie}

У стужцы Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы «Даволі! Да Волі…» – гісторыі беларусаў, якія пасля Плошчы страцілі працу, у якіх адабралі права на вучобу, якія зазналі жорсткія фізічныя і маральныя катаванні. Новая сустрэча з некаторымі героямі адбудзецца праз год пасля тых драматычных падзеяў. Гэтым разам там, дзе яны працуюць, вучацца, жывуць. Героі фільму працягваюць асэнсоўваць свой паход да Волі. Кожны з іх мае ўласны вобраз сучаснай Беларусі.

Аповеды ўдзельнікаў падзей на Плошчы паказалі цынізм і хлуслівасць дыктатуры, якая, выкарыстоўваючы брутальныя метады, знішчыла надзеі на перамены да лепшага. Аўтары яшчэ аднаго фільму «Белсату» – «Дайсці да Плошчы» – паказалі, як адбываўся пералом думак у гэты час. Адною з важных постацяў тых падзеяў быў кандыдат на прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў

Фільм-партрэт «Дарога Статкевіча» праводзіць гледача праз вёску Лядна на Случчыне, дзе ён нарадзіўся, Баранавічы, дзе дажывае свой век у самоце ягоны бацька, вуліцы і плошчы Менску, куды выводзіў ён дзясяткі тысячаў людзей бараніць свабоду і незалежнасць Беларусі, Нямеччыну, дзе цяпер жывуць ягоныя дочкі. Гэтая дарога пакуль што ўпіраецца ў муры Шклоўскай турмы… Але «Дарога Статкевіча» – гэта не толькі дарога ў турму, а дарога да свабоды», – кажа ў фільме ягоная дачка Кацярына. У фільме выкарыстаная ўнікальная хроніка пачатку 1990-х гадоў з асабістых архіваў паплечнікаў Мікалая Статкевіча, а таксама хроніка з архіваў «Белсату».

Фільм «Выбар Саннікава» – спроба зразумець ахвярнасць чалавека, мужа і бацькі, які свядома выступіў супраць чалавека, які незаконна прысвоіў уладу. Чаму Саннікаў вырашыў прыняць удзел у выбарах, ведаючы, што яны будуць сфальсіфікаваныя на карысць Лукашэнкі? Ці ўсведамляў ён, што можа трапіць у вязніцу ці нават быць фізічна знішчаны? Ці разумеў, што дыктатар будзе помсціць яму і ягонай сям’і? Адказы на гэтыя пытанні спрабуюць высветліць аўтары стужкі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў