Украінская медыя-зорка: «Майдан ужо перамог»


На Майдане з ім знаёмы амаль кожны другі. Ён нарадзіўся ў Афганістане і выдатна валодае ўкраінскаю моваю. Рэдактар палітычнага аддзелу парталу «Українська правда» Мустафа Наем распавядае пра ўкраінскую Плошчу, што трымаецца ўжо амаль месяц.

Суперстар украінскага медыярынку Мустафа Наем бывае на Майдане кожны дзень. Ягоная журналісцкая зброя – самы звычайны iPad. Праз камеру ягонага таблета за пратэстам у цэнтры Кіева назіраюць сотні тысяч украінцаў. Мустафа – адзін з зааснавальнікаў украінскага онлайн-тэлебачання «Громадське ТБ». І, калі вы глядзіце трансляцыю з Кіева на гэтым інтэрнэт-тэлеканале, то высокая імавернасць, што Майдан вы бачыце вачыма Мустафы.

Я завітаў у офіс «Громадське ТБ» і папрасіў украінскую зорку незалежнай журналістыкі выказаць сваё меркаванне наконт таго, калі ж нарэшце Майдан пераможа. «Майдан ужо перамог, – адказаў журналіст. – Я не палітык і не трымаюся за ўладу. І таму не чакаю ні перамогі апазіцыі, ні адстаўкі Януковіча. А рэцэпт перамогі вельмі просты: людзі зразумелі, што яны могуць выходзіць на вуліцу без палітыкаў. Яны не патрэбныя, каб бараніць твае правы».

{movie}Украінская медыя-зорка Мустафа Наем: “Перамога Майдану ўжо адбылася” |right|13838{/movie}
Каб людзі выйшлі на вуліцу, яны павінны мець пачуццё ўласнай годнасці. Менавіта гэта змусіла людзей выйсці на Майдан, перакананы журналіст. «Нам тры гады запар казалі, што людзі расчараваныя Аранжаваю рэвалюцыяй [у 2010 г. ва Украіне адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Віктар Януковіч. – belsat.eu] і ніхто не выйдзе на пратэст. Не! Проста мае з’явіцца пытанне, якое непасрэдна датычыць людзей. Арышт Юліі Цімашэнкі [экс-прэм’еркі Украіны, якая цяпер у турме] не датычыў простых людзей, а арышт Луцэнкі [Юрый Луцэнка – былы міністр унутраных справаў] людзі не ўспрымалі як арышт іх саміх. А вось гэты падман з пагадненнем іх закрануў. Сам факт, што людзі стаяць месяц – гэта ўжо перамога. Прычым яны не стаяць за канкрэтнага палітыка. Тым больш не за збаўцу, грошы ці ежу. Абстрактныя вартасці: годнасць, гонар, права выказваць сваё меркаванне… Гэта новы ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці».

Даваць прагнозы наконт вынікаў Майдану Мустафа адмовіўся, але трапна заўважыў, што Еўрамайдан пратрымаўся вось ужо палову аранжавага пратэсту 2004 г. «Што вельмі цешыць. Гэта важна», – упэўнены журналіст.
{movie}Украінская медыя-зорка Мустафа Наем: “Палову аранжавай рэвалюцыі ўжо адстаялі” |right|13837{/movie}

Пытанне, ці захаваецца майданаўскі запал украінцаў да 2015 г., калі Украіну чакаюць чарговыя прэзідэнцкія выбары, застаецца, аднак, адкрытым. Пакуль кіраўнік Украіны пачуваецца на пасадзе больш чым упэўнена. На кручку Крамля, але прынамсі на ім ён замацаваўся не горш, чым пратэстоўцы на барыкадах Еўрамайдану.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў